Пошук

Каляндар

 

Новы халдэйскі Патрыярх заклікае свет паважаць суверэнітэт Ірака  


Новы халдэйскі Патрыярх заклікае свет паважаць суверэнітэт ІракаНовы халдэйскі Патрыярх Павел III Нона заклікае міжнародную супольнасць паважаць суверэнітэт Ірака, каб гарантаваць будучыню для моладзі і спыніць шматгадовыя ваенныя канфлікты.

 

У катэдры Святога Юзафа ў Багдадзе 29 мая 2026 года адбудзецца ўрачыстае ўступленне на кафедру 58-гадовага Паўла III Ноны. Яго абранне стала вынікам працы Сінода Халдэйскай Каталіцкай Царквы, які збіраўся ў Рыме, а Папа Леў XIV афіцыйна зацвердзіў гэты выбар, удзяліўшы іерарху "ecclesiastica communio" – знак поўнай касцельнай еднасці.

 

Для новага іерарха павага да народаў Блізкага Усходу з’яўляецца адзіным шляхам да стабільнасці.

 

Патрыярх звярнуўся да сусветных лідараў з вельмі простым, але фундаментальным патрабаваннем: паважаць суверэнітэт краін рэгіёна. Ён падкрэсліў, што Блізкі Усход не павінен заставацца вечным полем бітвы для геапалітычных сіл. Павел III Нона марыць пра час, калі зможа шчыра сказаць маладзейшаму пакаленню, што ў іх ёсць будучыня на роднай зямлі.

 

Трагедыю вайны і выгнання новы абранец ведае не з чужых слоў. У 2014 годзе, будучы арцыбіскупам Масула, ён стаў сведкам таго, як баевікі "Ісламскай дзяржавы" змусілі да ўцёкаў сто тысяч хрысціян. Гэты балючы вопыт, паводле слоў самога Патрыярха, стаў для яго часам духоўнага фарміравання. Ён заўважыў, што менавіта ў пакутах вера іракскіх вернікаў стала больш глыбокай і непахіснай.

 

Дэвіз патрыярха "Не бойся, толькі вер!" закліканы дапамагчы людзям пераадолець страх перад невядомасцю.

 

Звяртаючыся да евангельскіх слоў, Павел III Нона адзначае, што найбольшым выклікам сучаснасці застаецца страх перад будучыняй і стратай мірнага жыцця. Іерарх таксама выказаў удзячнасць папскаму фонду "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" за падтрымку ў гады тэрору. Сваю далейшую місію ён бачыць у развіцці адукацыі, бо лічыць, што выхаванае і моцнае ў веры пакаленне здольнае захаваць і адрадзіць народ.

 

Халдэйская Каталіцкая Царква, якая з’яўляецца каталіцкай галіной Асірыйскай Царквы Усходу, аб’ядноўвае каля 650 тысяч вернікаў па ўсім свеце. Нягледзячы на маштабную эміграцыю ў Амерыку і Еўропу, яе духоўнае сэрца застаецца ў Багдадзе, дзе новы пастыр і пачынае сваё служэнне.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


12.05.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.