Пошук

Каляндар

 

Пантыфік прыняў апостальскага нунцыя ў Беларусі  


Пантыфік прыняў апостальскага нунцыя ў БеларусіПапа Леў XIV прыняў на аўдыенцыі апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыа Чэфаліа. Сустрэча прайшла ў Ватыкане 4 мая 2026 года.

 

Панядзелак у Ватыкане пачаўся з працоўнай сустрэчы, прысвечанай жыццю каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Паводле паведамлення Прэс-службы Святога Пасада, 4 мая 2026 года ў 9.00 Пантыфік прыняў арцыбіскупа Іньяцыа Чэфаліа.

 

Гэты візіт з'яўляецца часткай рэгулярнага дыялогу паміж Папам і яго прадстаўнікамі, што дазваляе Святому Айцу трымаць руку на пульсе падзей у розных рэгіёнах свету.

 

Арцыбіскуп Чэфаліа выконвае функцыі нунцыя ў Беларусі з вясны 2025 года – яго прызначэнне адбылося 25 сакавіка 2025 года. Ураджэнец італьянскага Палерма, ён мае багаты вопыт працы ў міжнародных структурах, знаходзячыся на дыпламатычнай службе Святога Пасада з 2006 года. Гэты грунтоўны шлях у касцельнай дыпламатыі стаў падмуркам для яго працы ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.


Падчас біскупскай сакры ў Базіліцы Святога Пятра, якую атрымаў 22 мая 2025 года з рук кардынала-дзяржсакратара П'етра Параліна, арцыбіскуп Чэфаліа акрэсліў сваё бачанне будучай працы. Ён шчыра прызнаўся, што сваю місію ў Беларусі ўспрымае як магчымасць "служыць і будаваць масты", “працаваць на карысць краіны і яе вернікаў”.

 

Сустрэча з Львом XIV дазваляе зрабіць аналіз выкананай працы і вызначыць перспектывы на будучыню. Для беларускіх вернікаў такая аўдыенцыя з'яўляецца знакам таго, што іх радасці і турботы застаюцца ў цэнтры ўвагі Папы, а намаганні нунцыя знаходзяць падтрымку на самым высокім узроўні.

 

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News


4.05.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.