Пошук

Каляндар

 
аўторак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Папа Леў XIV зацвердзіў выбар халдэйскага каталіцкага Патрыярха  


Папа Леў XIV зацвердзіў выбар халдэйскага каталіцкага ПатрыярхаПапа пацвердзіў касцёльную супольнасць з новым Патрыярхам Халдэйскай Каталіцкай Царквы. Ім стаў Павел ІІІ Нона, кананічна абраны 12 красавіка 2026 года Сінодам біскупаў гэтай Царквы, які прайшоў у Рыме.

 

Пасля абрання Павел ІІІ Нона звярнуўся да Льва XIV з просьбай аб наданні яму касцёльнай супольнасці ў адпаведнасці з Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў. Лістом ад 24 красавіка 2026 года Папа пацвердзіў поўнае адзінства новаабранага Патрыярха са Святым Пасадам, які такім чынам афіцыйна ўступіў на пасаду.

 

У лісце Пантыфік адзначыў, што з радасцю надае Патрыярху касцёльную супольнасць як знак поўнага адзінства з Апостальскім Пасадам, падкрэсліваючы супольнае служэнне адзінству Касцёла і будаванню Цела Хрыстовага. Папа выказаў пажаданне, каб новы Патрыярх выконваў сваё служэнне з пастырскай руплівасцю, кіруючы вернікамі паводле Сэрца Хрыста і ўмацоўваючы іх у веры, надзеі і любові.

 

Пантыфік адзначыў старажытную апостальскую традыцыю Халдэйскай Царквы, багатую сведчаннем шматлікіх мучанікаў і сведкаў веры. Ён пажадаў гэтай Усходняй Царкве працягваць плённа абвяшчаць Евангелле на сваёй тэрыторыі і ў вялікай дыяспары.

 

Папа перадаў сваё бацькоўскае прывітанне біскупам, духавенству, манаскім супольнасцям і свецкім вернікам, даручыўшы новага Патрыярха апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, а таксама абароне святых Адая і Мары.

 

Асобна Святы Айцец адзначыў, што абранне Паўла ІІІ Ноны адбылося ў дзень, калі халдэйская літургія ўспамінае сустрэчу ўваскрослага Хрыста з апосталам Тамашам, што мае сімвалічнае значэнне для гэтай Царквы, традыцыя якой звязана з апостальскім служэннем святога Тамаша. Папа пажадаў, каб прыклад гэтага апостала суправаджаў служэнне новага Патрыярха, асабліва перад абліччам выпрабаванняў, з якімі сутыкаюцца халдэйскія супольнасці.

 

Марыя Валодзіна – Vatican News


28.04.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.