Пошук

Каляндар

 

Алжырскае падарожжа Папы: дзень святога Аўгустына  


Алжырскае падарожжа Папы: дзень святога АўгустынаЛеў XIV праводзіць другі дзень у Алжыры, прысвяціўшы яго святому Аўгустыну. Ён наведвае старажытную Гіпону і памоліцца ў мясцовай базіліцы.

 

Падзеі аўторка 14 красавіка 2026 года сканцэнтраваны вакол Анабы, дзе Святы Айцец наведвае археалагічны комплекс і сустракаецца са сваімі сабратамі аўгустынцамі.

 

У другой палове дня ён узначальвае святую Імшу ў Базіліцы святога Аўгустына. Гэты дзень цалкам прысвечаны гістарычнай постаці, якую сам Леў XIV лічыць сваім духоўным айцом, называючы сябе яго "сынам".

 

Скрыжаванне культур і гістарычных эпох

 

Менавіта тут, дзе Базіліка ўзвышаецца над руінамі старажытнай Гіпоны, сустракаюцца мінулае і сучаснасць. Гэты рэгіён злучае Афрыку і Еўропу, розныя культуры, традыцыі і рэлігіі.

 

Святы Аўгустын, які кіраваў мясцовым Касцёлам на працягу 34 гадоў аж да сваёй смерці ў 430 годзе, выступае сапраўдным мостам паміж двума берагамі Міжземнага мора.

 

Праграма візіту ўключае таксама сустрэчу з Малымі Сёстрамі Бедных і пажылымі людзьмі, якімі яны апякуюцца. Увечары Леў XIV вернецца ў сталіцу краіны, адкуль 15 красавіка адправіцца ў Яўндэ – сталіцу Камеруна.

 

Спадчына старажытнага і велічнага горада

 

Анаба, заснаваная фінікійцамі і вядомая як рэзідэнцыя нумідыйскіх каралёў, перажыла значны эканамічны росквіт у рымскі перыяд. Ужо ў ІІІ стагоддзі тут існавала біскупская кафедра, якую найбольш праславіў менавіта святы Аўгустын. Ён нёс сваё служэнне да самай смерці падчас аблогі горада вандаламі пад кіраўніцтвам Гензерыха. Пазней горад адбіў візантыйскі генерал Велізарый у 533 годзе. У сёмым стагоддзі паселішча знішчылі арабы, адбудаваўшы яго потым пад назвай Анаба.

 

Да нашых дзён тут захаваліся каштоўныя сведчанні мінулага. Сярод іх – рымскія форумы з брукам і каланадамі, тэатр, рынак, тэрмы і фігуратыўныя мазаікі. Таксама ацалелі хрысціянскія помнікі, найважнейшым з якіх з'яўляецца так званая "Базіліка Міру", дзе працаваў святы Аўгустын, разам з прылеглым баптыстэрыем.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


14.04.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.