Пошук

Каляндар

 
чацьвер
ЧЭРВЕНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Тысячы дарослых прымуць хрост у Вялікую суботу. Нечаканыя даныя з Францыі  


Тысячы дарослых прымуць хрост у Вялікую суботу. Нечаканыя даныя з ФранцыіУсяго 21 386 дарослых і падлеткаў прымуць хрост у Каталіцкай Царкве ў Вялікую суботу ў Францыі. За апошнія чатыры гады колькасць дарослых, якія просяць аб хросце, вырасла ў тры разы. Значна знізіўся ўзрост асоб, якія звяртаюцца па хрост. Вядома таксама, што стала прычынай навяртання.

 

Даныя прадставіў епіскапат Францыі. У Францыі будзе ахрышчана 13 234 дарослых і 8 152 падлеткі. Гэта аж на 20% больш, чым у мінулым годзе. Гэтыя лічбы паказваюць, што замацоўваецца тэндэнцыя, якая пачалася чатыры гады таму. Біскупы тады падкрэслівалі, што новая хваля навяртанняў не выклікана новай праграмай ці душпастырскім стылем. Яны бачылі ў гэтым хутчэй незаслужаны дар Божай ласкі.

 

Да 2022 г. колькасць хростаў дарослых і падлеткаў трымалася ў Францыі на стабільным узроўні — каля 4 тысяч штогод. У 2023 годзе адбыўся першы заўважны рост на 28%, які стаў яшчэ большым у два наступныя гады: 31% у 2024 г. і 45% у 2025 г.

 

Акрамя таго, выразна знізіўся ўзрост асоб, якія просяць аб хросце. Калі раней асноўнай узроставай катэгорыяй былі дарослыя ва ўзросце ад 26 да 40 гадоў, то цяпер найбольшую групу складае моладзь ад 18 да 25 гадоў. Яны складаюць 42% ахрышчаных.

 

Епіскапат Францыі таксама прадставіў вынікі апытання, праведзенага сярод неафітаў. Аказалася, што насуперак меркаванням прэсы, не сацыяльныя сеткі ці інфлюенсеры аказалі найбольшы ўплыў на іх навяртанне.

 

40% апытаных прызналіся, што звярнуліся да каталіцкай веры пасля цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў. 34% у Царкву прывёў пошук сэнсу жыцця. 32% — моцнае духоўнае перажыванне. Пры гэтым 39% рэспандэнтаў раней не чыталі Святога Пісання.

 

Даследаванне было праведзена і сярод тых, хто прыняў хрост у апошнія гады. Апасенні, што многія з іх адыдуць ад Царквы пасля таінства, аказаліся беспадстаўнымі — гэта тычыцца толькі 8% ахрышчаных. 72% заяўляюць, што атрымалі належную падтрымку ад Царквы і пасля хросту. Пераважная большасць актыўна ўдзельнічае ў жыцці сваіх парафій, а некаторыя ўжо самі рыхтуюць іншых людзей да прыняцця хросту.

 

У Парыжы грэка-каталіцкая парафія, што засталася ад расіян, вырасла нечакана з 15 чалавек да 40.

 

Галоўнай рускай візантыйскай каталіцкай (грэка-каталіцкай) парафіяй у Парыжы з'яўляецца парафія Святой Тройцы (Paroisse de la Sainte-Trinité), размешчаная па адрасе: вуліца Франсуа Жэрара, 39, 75016 Парыж. Парафія служыць рускай каталіцкай супольнасці візантыйскага абраду, якая знаходзіцца ў еднасці з Рымам; Боскую Літургію служаць на царкоўна-славянскай і французскай мовах.

 

У свой час - адразу пасля ІІ сусветнай вайны - асноўнай часткай парафіян былі расіяне (ня толькі рускія), далучаліся і французы. Першая генерацыя ўшлы да Госпада (засталася мала вернікаў). Тых 25 (40-15) - гэта новыя людзі (розных нац.) - які прынялі хрост ТАМ.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


30.03.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.