Пошук

Каляндар

 
аўторак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

80-я ўгодкі сьмерці айца Вячаслава Аношкі  


80-я ўгодкі сьмерці айца Вячаслава Аношкі18 лютага 1966 - 80 гадоў таму памёр айцец Вячаслаў (Вацлаў) АНОШКА, які быў сябрам Рады створанага ў верасьні 1939 г. Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. Пахаваны ён на могілках у Рабэрціне парафіі Язгажэў (гміна Пясэчна), каля паўднёвай ускраіны Варшавы.

 

80-я ўгодкі сьмерці айца Вячаслава АношкіЖыхары Альпеня на Століншчыне, якія ведалі айца Вячаслава (так яго называлі вернікі візантыйскага абраду), нават праз паўстагоддзя з вялікай пашанай і ўдзячнасьцю ўзгадвалі гэтага адданага сьвятара-беларуса: «Сьвяты быў чалавек! Шчыры беларус. Такога сьвятара ў нас больш ніколі не было! Ды й ці будзе калі?..»

 

100 гадоў таму, у 1926 годзе, пасьля падрыхтоўкі ва Ўсходняй місіі айцоў езуітаў у Альберціне, што пад Слонімам, а. Вацлаў Аношка атрымаў права на служэньне ва ўсходнім абрадзе. У Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ён першы з сьвятароў перайшоў ва ўсходні абрад.

 

У тым жа 1926 годзе а. Вячаслаў Аношка, які паходзіў з шляхецкай каталіцкай ваколіцы Паплаўшчына пад Магілёвам, якая выстаяла супраць прымусовага пераводу ў праваслаўе, быў прызначаны парахам у грэка-каталіцкую парафію ў вёску Альпень, што каля Давыд-Гарадка, дзе ён вёў актыўную місіянерскую дзейнасьць па ўсёй ваколіцы. Стварыў там яшчэ адну ўніяцкую парафію на Мярлінскіх хутарах.

 

З 1934 да 1944 г. а. Вячаслаў служыў у каталіцкай парафіі славяна-візантыйскага абраду ў Далятычах на Навагрудчыне, дзе стварыў выдатны царкоўны хор (некаторыя з харыстаў пазьней нават трапілі ў хор Рыгора Шырмы).

 

Айцец Вячаслаў Аношка выступаў за адкрыцьцё беларускіх школ. Выкладаў у школе Закон Божы і зьвяртаўся да вернікаў на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія хрысьціянскія выданьні, вучыў вернікаў беларускім сьпевам, ладзіў для іх тэатральныя пастаноўкі і ўсяляк спрыяў росту нацыянальнай самасьвядомасці ў тых парафіях, дзе служыў. Акрамя таго, у Альпені ён арганізаваў сялянаў на асушэньне забалочаных зямель, стварыў там аркестар з 16 духавых інструментаў, які граў на царкоўных сьвятах і іншых урачыстасьцях.

 

Беларускі каталіцкі сьвятар візантыйскага абраду а. Язэп Германовіч, вядомы пад творчым псеўданімам Вінцук Адважны, пасьля таго, як асабіста пабываў у Альпені і пазнаёміўся з душпастырскай працай а. Вячаслава Аношкі, прысьвяціў яму паэму «Унія на Палесьсі» (Альберцін, 1932).

 

У пасьляваенны час сьвятар быў капеланам у сясьцёр францішканак Сям’і Марыі ў Хыліцах і Рабэрціне пад Варшавай. Увесь час ён імкнуўся атрымаць дазвол, каб выехаць на Захад з камуністычнай Польшчы ў які-небудзь беларускі асяродак, каб служыць беларусам, аднак улады так і не далі яму такой магчымасьці. Фактычна да самай сьмерці душпастыр ліставаўся з сваімі былымі парафіянамі грэка-католікамі, якія засталіся ў савецкай Беларусі, падтрымліваючы іх духоўна.

 

«Хоць фармальна ён ня быў манахам, аднак у прыватным і ў публічным жыцьці ў сэнсе самаахвярнасьці пераўзыходзіў многіх аскетаў. Ён нічога не лічыў сваім: найбольш патрэбную сабе рэч ён без аніякага сумніву і з радасьцю аддаваў іншым. <…> Можна з упэўненасьцю казаць, што Хрыстовы іспыт на Божым Судзе выпадзе Аношцы роўна з вялікімі сьвятымі», — пісаў пра яго а. Язэп Германовіч.

 

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!

 

На фота: а. Вячаслаў (Вацлаў) Аношка і яго магіла на могілках у Рабэрціне пад Варшавай.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


18.02.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.