Пошук

Каляндар

 

САБОР ТРОХ СВЯТАНАЧАЛЬНІКАЎ: ВАСІЛЯ ВЯЛІКАГА, РЫГОРА БАГАСЛОВА І ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА  


САБОР ТРОХ СВЯТАНАЧАЛЬНІКАЎ: ВАСІЛЯ ВЯЛІКАГА, РЫГОРА БАГАСЛОВА І ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА1. У дзень 30-га студзеня Каталіцкія Цэрквы візантыйскага абраду святкуюць Сабор трох святаначальнікаў і сусветных настаўнікаў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага. Трое святаначальнікаў звязаныя паміж сабою не толькі гадамі жыцця (Васіль Вялікі 330-379 гг., Грыгор Багаслоў 325- 389 гг., Ян Залатавусны 347- 407 гг.), месцам свайго служэння (Рыгор Багаслоў і Ян Залатавусны былі архібіскупамі Канстантынопальскімі, а Васіль Вялікі архібіскупам Кесарыйскім) і аратарскім мастацтвам (ад Васіля Вялікага засталося 26 размоў і 325 лістоў, ад Рыгора Багаслова засталося 45 размоў і 244 ліста, а поўны сборнік твораў Яна Залатавуснага заняў 12 тамоў).

Хаця Царква святкуе асобна памяць кожнага з трох свяціцеляў (Васіля Вялікага – 1-га студзеня, Рыгора Багаслова – 25-га студзеня, а ў Яна Залатавуснага нават тры дні святкавання – 13 лістапада, 14 верасня (успенне, разам з Крыжаўзвіженнем) і 27 студзеня (перанесенне мошчаў), перадусім асаблівае святкаванне памяці гэтых трох святаначальнікаў у адзін дзень вынесена па прычыне асаблівай увагі, якую гэтыя святыя надалі таямніцы Святой Тройцы, блаславёнае сузіранне Якой з’яўляееца галоўнай мэтай ўсяго чалавечага існавання.

 

2.Тры святаначальнікі здзяйснялі сваё служэнне ў складаны перыяд для Паўсюднай Царквы, калі арыянства, што адмаўляе адзінства сутнасці ўнутры Святой Тройцы, усё яшчэ захоўвала за сабой надзвычайна магутныя пазіцыі. Спрабуючы па-свойму лагічна растлумачыць уяўны для чалавечага разумення парадокс паміж адзінствам Бога і Боствам Хрыста, увёўшы іерархію паміж Асобамі Святой Тройцы і зрабіўшы іх неадзінасутнымі, арыянства прынесла значна большую праблему – адмаўляючы адну сутнасць Асоб Святой Тройцы, яно абясцэньвала Богаўцелаўленне і Крыжовую Ахвяру Хрыста, Бога-Сына, Асобы Святой Тройцы.

Па сутнасці, калі прыймаць ідэю, якую прапанавала арыянства, стаецца незразумелым, што асабліва змянілася ў Новым Запавеце ў адносінах Бога і чалавека, калі збаўленне прынесена нейкім «Пасланцам», боскасць якога «ніжэй па ўзроўню», а не Самім Богам, боскасць якога «вышэй па свайму ўзроўню».

 

3. Трыадалогія двух Святых Айцоў Кападакійцаў: Васіля Вялікага і Рыгора Багаслова, як і трыадалогія святаначальніка Яна Залатавуснага, развіваючыся ў духу Першага Суственага (Нікейскага) Сабору дае адказ на выклікі арыянства. Апісваючы адносіны паміж асобамі Святой Тройцы: Адносіны любові паміж Айцом (Які ні ад каго не нараджаецца і не паходзіць) і здзяйсняючым пакланенне Сынам (Які нараджаецца ад Айца) у Святым Духу (Які паходзіць ад Айца), святаначальнікі асабліва падкрэсліваюць роўнасць паміж Асобамі Святой Троіцы. Гэтая роўнасць стаецца неабходнай дзеля таго, каб пакланенне любові, якое ўчыняе Бог Сын у адносінах да Бога Айца у Святым Духу, было дасканалым. Асаблівы ўклад святаначальнікаў Васіля Вялікага і Грыгора Багаслова ў троічнае багаслоўе – гэта адрозненне паміж словамі «сутнасць» і «іпастась» (асоба): сутнасць – гэта быццё наогул, а іпастась (асоба) – гэта быццё індывідуальнае, вызначанае. Такім чынам яны вызначаюць, што ва ўсёй Святой Тройцы адна сутнасць – адно Боства, але тры Асобы. Абвяшчаючы тым самым роўнасць усіх Трох Іпастасей (Асобаў) Святой Тройцы, і вызначаючы іх індывідуальнасць праз асаблівыя уласцівасці, святыя айцы вырашаюць праблему, створаную арыянскім уяўленнем аб Святой Тройцы: паколькі Бог Сын з’яўляецца адзінасутным Богу Айцу, але адрозніваецца ад Яго па Асобе, то стаўшыся сапраўдным Чалавекам, і прынёшшы Крыжовую Ахвяру Богу Айцу, Ён споўніў тое адвечнае пакланенне, якое адбываецца ўнутры межасаблівых адносінаў Святой Троіцы. Прывёўшы да гэтага пакланення чалавечую прыроду, Ён – Бог Сын – Сапраўдны Госпад наш Ісус Хрыстос, дзейсным чынам ўчыніў адкупленне чалавека, якога да гэтага аддаляў ад Бога грэх. Як сапраўдны Чалавек, Госпад наш Ісус Хрыстос дзейсным чынам прывёў чалавецтва да магчымасці праўдзівага пакланення – удзелу ў Святой Тройцы на падабенства таго, як Бог Сын ўчыняе пакланенне Айцу.

Такім чынам, абараняючы праўду аб адзінасутнасці Святой Тройцы ў Трох Асобах, святаначальнікі Васіль Вялікі і Рыгор Багаслоў абараняюць не нейкую абстрактную канцэпцыю, але самую сутнасць Добрай Весткі хрысціянства – Адзіны Бог у Трох Асобах, які прабывае ў адносінах адвечнай любові паміж Асобамі Святой Тройцы, так узлюбіў чалавека, які быў аддзелены ад існавання разам з Ім грахом, што Сам, у Асобе Бога Сына, прыняў чалавечую прыроду і прынёс Збаўчую Ахвяру, каб праз гэта ўсынавіць чалавека, далучаючы яго да адносін любові ўнутры Святой Тройцы. Абвяшчэнне Добрай Весткі аб тым, што Сам Бог прыходзіць дзеля збаўлення чалавека, разбураючы створаную грахом мяжу, магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы верым у праўду аб Святой Тройцы, у тайну, якая робіць хрысціянства непаўторным.

 

4. Праўда аб Адкупленні, дадзеным нам праз богаўцелаўленне Бога Сына, стаецца даступнай чалавеку праз пачуццёвы досвед – у Святой Тайне Эўхарыстыі. Госпад у сваёй дабрыні не толькі адкупае чалавецтва, але ўжо зараз дае магчымасць дакрануцца да Сваёй Крыжовай Ахвяры, а праз Яе – да адвечнага пакланення Бога Сына Богу Айцу – праз спажыванне праўдзівых Цела і Крыві Хрыста – ўцелаўлёнага Бога Сына. І наколькі дзейсным з'яўляецца Богаўцелаўленне і Крыжовая Ахвяра, і надыходзячае блаславёнае бачанне Святой Тройцы, настолькі дзейсным з'яўляецца наша пачуццёвае ўспрыманне Хрыста ў Святой Тайне Найсвяцейшай Эўхарыстыі. На варце дзейснасці гэтай Святой Тайны стаіць святаначальнік Ян Залатавуст, які абараняе сапраўднасць перамянення Эўхарыстычных Дароў. Святы, падкрэсліваючы рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстычных Дарах, асабліва падкрэслівае тым самым асвячэнне чалавечай прыроды, здольнай праз асвячэнне яе Збавіцелем спажываць Боскіх Цела і Крыві. Тым самым рэальнасць унутрытраічных адносін станавіцца нашай рэальнасцю, тым, да чаго мы ўжо цяпер маем дачыненне.

 

Сутнасць бдзеннага святкавання Сабору Трох Святаначальнікаў добра перадае сціхіра на “Госпадзе, Цябе клічу” вячэрні гэтага свята:

«Арганы ласкі, гуслі Духа, славутыя трубы прапаведавання, страшныя і звонкія громы з вышыні, што абвяшчаюць славу Божую на ўвесь свет, трох прапаведнікаў Святой Тройцы, Яна і Васіля разам з Рыгорам дастойна ўславім.»

 

Святаначальнікі Васілю Вялікі, Рыгор Багаслоў і Яне Залатавусты, маліце Бога за нас.

 

Ілля Хромаў


31.01.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.