Пошук

Каляндар

 

У Мінску прайшло экуменічнае набажэнства  


У Мінску прайшло экуменічнае набажэнства24 студзеня ў мінскай архікатэдры маліліся аб адзінстве ўсіх хрысціян прадстаўнікі рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай канфесій. Удзел у сустрэчы прынялі таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады і Апостальскі нунцый у Беларусі.


Перадапошні дзень Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На пачатку святой Імшы ва ўспамін святога Францішка Сальскага галоўны цэлебрант павіншаваў супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ, апекуном якіх з’яўляецца святы дня.

 

У гаміліі біскуп Юрый распавёў прысутным пра жыццё Францішка Сальскага і падкрэсліў, што святы таксама служыў справе адзінства хрысціян: у неспакойныя часы Рэфармацыі ён здолеў сваімі палымянымі казаннямі і малітвай вярнуць ва ўлонне Каталіцкага Касцёла каля 70 000 вернікаў.

 

«Касцёл — гэта Цела Хрыстова, а падзелы хрысціян — гэта раны, якія разрываюць гэтае Цела, калі людзі, якія павінны быць братамі і сёстрамі, становяцца ворагамі <…> Мы жывём у краіне, у якой можам бачыць так званую “практычную” еднасць хрысціян. У нас шмат сем’яў, у якіх ёсць і католікі, і праваслаўныя, і прадстаўнікі іншых супольнасцяў, але гэтам нам не перашкаджае мець адно сэрца і адзін дух. Гэта дазваляе шукаць нам не тое, што раздзяляе, а тое, што аб’ядноўвае. <…>

 

Сяброўства і добразычлівасць — гэта першы крок да таго, каб мы адчувалі, што мы браты і сёстры ў Хрысце»,

— канстатаваў прамоўца.

 

Пасля святой Імшы распачалося экуменічнае набажэнства, якое ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Да супольнай малітвы з арцыпастырам далучыліся прадстаўнікі іншых канфесій: архімадрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі; Андрэй Данілаў, загадчык кафедры праваслаўнага Інстытута тэалогіі, доктар багаслоўя і філасофіі, прадстаўнік Мітрапаліта Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі; Павел Асяненка, старшыня праўлення Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнік евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі; Ігар Несцяровіч, прадстаўнік Евангеліцка-лютэранскай супольнасці «Царква святога Крыжа» ў Мінску.

 

Дзяржаўныя ўлады прадстаўляў Андрэй Араеў — кіраўнік аддзела па справах рэлігій Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У набажэнстве прыняў удзел таксама прадстаўнік Святога Айца — Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

 

Прывітаўшы гасцей і вернікаў, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі  распавёў пра карані малітваў аб еднасці хрысціян, якія налічваюць амаль два стагоддзі, і падкрэсліў, што «сёлетні год мае сімвалічнае значэнне, бо менавіта сто гадоў таму ўпершыню пабачылі свет “Прапановы для Актавы малітвы аб еднасці хрысціян”».

 

Прамоўца адзначыў, што, пачынаючы з 1968 года, матэрыялы для Сусветнага Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян падрыхтоўваюцца сумесна Сусветнай Радай Касцёлаў і Папскай Радай па спрыянні хрысціянскай еднасці. Евангельскі тэкст і разважанні да яго прапануюцца хрысціянамі адной з краін, якія ўдзельнічаюць у малітве, і адаптуюцца спецыяльнай камісіяй да сітуацыі ў кожнай асобнай краіне.

 

Сёлета малітвы і разважанні былі падрыхтаваныя вернікамі Армянскага Апостальскага Касцёла разам з іх братамі і сёстрамі з Армянскага Каталіцкага і Армянскага Евангеліцкага Касцёлаў. Гэтыя матэрыялы грунтуюцца на шматвекавых традыцыях малітвы армянскага народа, а таксама паходзяць са старажытных гімнаў, некаторыя з якіх датаваныя нават IV стагоддзем.


Пасля сабраныя слухалі Божае слова: чытанне з прарока Ісаі, з Паслання апостала Паўла да Эфесцаў, і з Евангелля ад Яна. Затым прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій выступілі з кароткімі зваротамі, пасля чаго з прамовай да сабраных звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі.

 

У сваёй прамове іерарх Каталіцкага Касцёла засяродзіўся на тэалагічнай сутнасці біблійнага верша з Паслання апостала Паўла да Эфесцаў, выбранага у якасці дэвізу на гэты год: «Адно ёсць цела і адзін дух, як і вы пакліканы ў адной надзеі вашага паклікання» (Эф 4, 4).

 

«У Каталіцкім Касцёле малітва за адзінства хрысціян з’яўляецца неад’емнай часткай экуменізму, асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабору»,

— адзначыў арцыпастыр.

 

Прамоўца падкрэсліў, што еднасць — гэта «Божы наказ, які ляжыць у аснове нашай хрысціянскай ідэнтычнасці, і сутнасць місіі Касцёла».  Арцыпастыр заклікаў не ўспрымаць еднасць як абстрактны ідэал, а як «жывое праяўленне нашай веры», а таксама канстатаваў, што еднасць заключаецца не ў аднастайнасці, а ў супольным удзеле ў абвяшчэнні галоўных праўдаў хрысціянскай веры.

 

Прадстаўнік Каталіцкага Касцёла заўважыў, што, каб больш зразумець сэнс і вартасць еднасці ў разнастайнасці, варта вывучаць, даследаваць Божае слова і маліцца ім, і заахвоціў да чытання ў тым ліку нядаўна выдадзенага па-беларуску «Пяцікніжжа Майсея».

 

Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў таксама, што «поўная і бачная еднасць паміж хрысціянамі» з’яўляецца адным з прыярытэтаў пантыфікату Папы Льва ХІV.

 

«Людзі падарожнічаюць, каб дабрацца да вяршынь гор, злавіць самыя вялікія хвалі, знайсці самыя доўгія рэкі, убачыць бясконцую шырыню акіяна, заўважыць найменшы рух зорак, але, здараецца, што яны праходзяць адзін каля аднаго без кроплі здзіўлення (увагі)», — сказаў выступоўца, цытуючы словы святога Аўгустына на завяршэнне сваёй прамовы, і заахвоціў да ўзаемнай хрысціянскай пашаны.

 

Пасля супольнага вызнання веры ў прымальных для ўсіх канфесій фармулёўках і малітвы «Ойча наш» з прамовай да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

«Мы сёння збіраемся ў простай хрысціянскай супольнасці для дыялогу і супольнага сведчання, што з’яўляецца каштоўным дарам, запрашэннем спыніцца, каб сузіраць тое, што нас яднае, каб дазволіць ачысціцца ад таго, што нас падзяляе», — адзначыў дыпламат Святога Пасаду.

 

Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што еднасць не нараджаецца ад аднаго толькі чалавечага жадання супрацоўніцтва, а мае Боскае паходжанне.

 

«Не мы будуем еднасць — мы пакліканыя прыняць гэтую еднасць, захоўваць, развіваць з пакорай і цярпеннем»,

— акцэнтаваў арцыбіскуп Чэффаліа, заўважыўшы, што ўсе хрысціянскія канфесіі здольныя ўзбагаціць адна адну, бо кожная захоўвае «асаблівае святло Евангелля».

 

«Няхай нашае сумеснае сведчанне братэрства стане пераканаўчым знакам Евангелля ў свеце, які чакае жэстаў паяднання. Няхай гэтая сустрэча стане знакам нашай гатоўнасці крочыць разам, няхай нашыя малітвы ўзносяцца да Бога, як кадзіла, як адзіны голас, звернуты да Айца, які над усімі, праз усіх і ва ўсіх», — пажадаў прысутным прадстаўнік Святога Айца.

 

Паводле https://catholicminsk.by


26.01.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.