Пошук

Каляндар

 

Адзінства хрысціян як шлях да міру: заклік біскупаў Еўропы  


Адзінства хрысціян як шлях да міру: заклік біскупаў ЕўропыСтаршыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) арцыбіскуп Гінтарас Грушас заклікаў еўрапейскія епіскапаты прысвяціць Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян асаблівай інтэнцыі аб міры ў свеце.

 

Пасля падпісання ў Рыме абноўленай "Экуменічнай хартыі" Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы распачынае новы этап экуменічнага супрацоўніцтва. Кіраўніцтва асацыяцыі звярнулася да іерархаў з заклікам зрабіць еднасць паміж ахрышчанымі дзейснай прыладай міру. У часы вострых геапалітычных канфліктаў хрысціяне пакліканы сведчыць, што прымірэнне магчымае не толькі ў тэорыі, але і ў жыцці.

 

У сваім лісце арцыбіскуп Гінтарас Грушас падкрэсліў, што малітва – гэта "душа экуменічнага руху". У кантэксце 25-годдзя першай “Экуменічнай хартыі” Цэрквы Еўропы закліканы прасіць аб ласцы адзінства, якая павінна распаўсюдзіцца на ўсе бакі, што знаходзяцца ў стане варожасці. Гэты працэс немагчымы без глыбокага прыняцця прынцыпаў Хартыі ў штодзённую душпастырскую практыку.

 

Абноўлены дакумент, падрыхтаваны сумеснай групай ССЕЕ і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (CEC), застаецца ключавым арыенцірам для дыялогу. Арцыбіскуп Грушас даверыў справу міру на кантыненце заступніцтву Багародзіцы, Маці Еўропы, і святых патронаў, заклікаючы вернікаў да шчырага і плённага экуменічнага сведчання, якое сёння патрэбна свету як ніколі.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


15.01.2026

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.