Пошук

Каляндар

 

Беларускім скаўтам перададзены Бэтлеемскі агонь міру  


Беларускім скаўтам перададзены Бэтлеемскі агонь міруВечарам 17 снежня на нейтральнай тэрыторыі паміж Польшчай і Беларуссю, на прапускным пункце “Кузніца Беластоцкая – Брузгі”, польскія скаўты перадалі сваім беларускім калегам Бэтлеемскі агонь міру.

 

Беларускія каталіцкія скаўты, як і кожны год, дастаўляюць агонь у Гродна. 18 снежня ў 17 гадзін ён будзе ўрачыста ўнесены ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя. Затым скаўты развозяць агонь па ўсёй краіне.

 

Беларускім скаўтам перададзены Бэтлеемскі агонь міруСёлетняя акцыя перадачы Бэтлеемскага агню праходзіць пад дэвізам “Развівай дабро ў сабе”: гэта значыць, што, каб рабіць свет лепшым, трэба пачынаць з сябе, развіваючы ўласныя добрыя якасці і клапоцячыся аб добрых адносінах. Разам з перадачай Бэтлеемскага агню сімвалічна перадаецца пасланне міру, каб, падобна як ззяе гэты агонь, у свеце ззяла надзея, якую немагчыма пагасіць.

 

Акцыя перадачы Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 годзе ў Аўстрыі. Да яе далучыўся рух скаўтаў, з цягам часу яна распаўсюдзілася на іншыя краіны. Бэтлеемскі агонь запальвае дзіця або падлетак ад адной з 15 нязгасных лампад, якія знаходзяцца ў гроце Нараджэння Пана ў Бэтлееме. Затым агонь спецыяльным авіярэйсам дастаўляюць у Аўстрыю, а адтуль у іншыя краіны.

 

Запаліць агонь, нягледзячы на ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе, удалося і сёлета: у пачатку лістапада гэта зрабіў адзінаццацігадовы Джэрыс Фадзі Хіер з сям’і хрысціян у Бэтлееме. Затым у Аўстрыі агонь сустрэў трынаццацігадовы Флорыян Міттэр, які 19 лістапада перадаў яго на аўдыенцыі ў Ватыкане Льву XIV, – такім чынам той стаў чацвёртым (пасля Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і Францішка) Папам, якому перадалі гэты агонь.

 

У Беларусь Бэтлеемскі агонь першы раз быў афіцыйна дастаўлены ў 1998 г. Польскія скаўты, якія перадаюць яго беларускім, атрымліваюць агонь непасрэдна ў Вене. З 2008 г. каталіцкія скаўты адыгрываюць асноўную ролю ў распаўсюджванні Бэтлеемскага агню ў Беларусі сярод парафій і ўстановаў. Сёлета перадачай агню займаюцца скаўты з Віцебска, Гродна, Жодзіна, Івянца, Полацка і Мінска. Плануецца перадаць яго ў больш чым 150 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій.

 

Гродзенская дыяцэзія і каталіцкі рух скаўтаў выказваюць удзячнасць памежным службам Беларусі і Польшчы за магчымасць сустрэць на нейтральнай тэрыторыі паміж краінамі Бэтлеемскі агонь.

 

Паводле Прэс-службы Гродзенскай дыяцэзіі, https://grodnensis.by/


18.12.2025

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.