Пошук

Каляндар

 

Папа едзе ў Турцыю і Ліван: апублікавана праграма  


Папа едзе ў Турцыю і Ліван: апублікавана праграмаЗала Друку Святога Пасада абнародавала 27 кастрычніка 2025 года праграму падарожжа Льва XIV у Турцыю і Ліван з 27 лістапада па 2 снежня 2025 года.

 

Падарожжа пачнецца ў чацвер, 27 лістапада, з пералёту з Рыма ў Анкару. У сталіцы Турцыі запланаваны афіцыйная цырымонія прывітання, візіт у маўзалей Атацюрка, сустрэча з прэзідэнтам Рэспублікі, а таксама з прадстаўнікамі ўлад, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, перад якімі Пантыфік звернецца з прамовай. Увечары таго ж дня Папа прыбудзе ў Стамбул.

 

Кульмінацыяй візіту ў Турцыю стане пілігрымка ў Ізнік, старажытную Нікею

 

У пятніцу, 28 лістапада, у стамбульскай катэдры Духа Святога Леў XIV сустрэнецца з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі работнікамі. Затым ён наведае дом састарэлых, якім апякуюцца Малыя Сёстры Бедных.

 

У другой палове дня Пантыфік на верталёце накіруецца ў Ізнік, дзе каля месца археалагічных раскопак старажытнай базілікі святога Неафіта адбудзецца экуменічная малітоўная сустрэча.

Субота, 29 лістапада, будзе насычана экуменічнымі падзеямі ў Стамбуле. Папа наведае Мячэць Султана Ахмета (Блакітную мячэць), правядзе прыватную сустрэчу з кіраўнікамі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей, возьме ўдзел у даксалогіі ў патрыяршай царкве святога Георгія, сустрэнецца з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І і падпіша з ім сумесную дэкларацыю. Увечары Святы Айцец узначаліць Імшу на “Volkswagen Arena”.

 

У нядзелю, 30 лістапада, пасля малітвы ў катэдры Армянскай Апостальскай Царквы і Боскай Літургіі ў патрыяршай царкве святога Георгія, Папа накіруецца ў Бейрут.

 

Папа памоліцца на месцы выбуху ў порце Бейрута

 

У Ліване візіт пачнецца з афіцыйных сустрэч з прэзідэнтам, спікерам парламента і прэм'ер-міністрам, а таксама з прамовы да ўлад і дыпкорпуса.

 

Панядзелак, 1 снежня, будзе прысвечаны рэлігійным сустрэчам. Папа наведае манастыр святога Марона ў Анаі (Annaya), каб памаліцца на магіле святога Шарбэля Маклуфа. У санктуарыі Маці Божай Ліванскай у Харысе (Harissa) ён сустрэнецца з духавенствам і кансэкраванымі асобамі. Увечары на “Плошчы пакутнікаў” у Бейруце пройдзе экуменічная і міжрэлігійная сустрэча, а затым – сустрэча з моладдзю ў Бкеркэ (Bkerké).

 

У аўторак, 2 снежня, перад адлётам у Рым, Леў XIV наведае шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дыбе (Jal ed Dib), памоліцца ў цішыні на месцы выбуху ў порце Бейрута і ўзначаліць Імшу на набярэжнай “Beirut Waterfront”.

 

Падчас шасцідзённага падарожжа запланавана дванаццаць прамоў, гамілій і іншых выступленняў Святога Айца.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


27.11.2025

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.