Пошук

Каляндар

 

21 лістапада: Уваход у храм Найсвяцейшай Багародзіцы  


21 лістапада: Уваход у храм Найсвяцейшай БагародзіцыГэта свята належыць да 12 вялікіх святаў Усходняй Царквы. У гэты дзень Царква адзначае прывядзенне трохгадовай Марыі для жыцця пры Ерусалімскім храме.

 

Звесткі пра падзею Уваходу, якія адсутнічаюць у Святым Пісанні, Царква найперш чэрпае з апакрыфічнага тэксту, вядомага пад назвай "Протаевангелле Якуба". Апокрыф, напісаны ў сярэдзіне ІІ стагоддзя, сведчыць, што маці Багародзіцы – Ганна – дала абяцанне, паводле якога, нарадзіўшы дзіця, прысвеціць яго на служэнне Богу. Таму калі Марыя дасягнула трохгадовага ўзросту, бацькі прывялі дзяўчынку да служэння пры Ерусалімскім храме. 

 

Падзея Уваходу, хоць і вядомая сярод вернікаў і абмяркоўвалася Айцамі Царквы, стала асобным святам не адразу. Магчыма, штуршком да вылучэння ў асобнае свята паслужыла з'яўленне ў VII стагоддзі першага падрабязнага жыція Багародзіцы, складзенага на аснове некалькіх апокрыфаў. 

 

Упэўнена можам гаварыць пра асобнае свята толькі з VIII стагоддзя. Сведчаннем таму – пропаведзі Германа, патрыярха Канстанцінопальскага (+740), напісаныя на свята Уваходу. У Ерусаліме свята пачынаюць адзначаць 21 лістапада, у дзень пасля асвячэння храма Багародзіцы, які стаяў паблізу развалін Ерусалімскага храма. Гэтая дата святкавання стала агульнай для большасці ўсходніх Цэркваў і застаецца такой да сёння. 

 

Свята ўжо з IX стагоддзя шырока вядома на хрысціянскім Усходзе. З таго ж часу да нас дайшлі і першыя іконы, на якіх выяўлена падзея Уваходу. Паходзяць яны з Кападокіі. 

 

У IX-X стагоддзі ствараецца і большасць гімнаграфічных тэкстаў свята. Нягледзячы на гэта, уключэнне Уваходу ў лік вялікіх хрысціянскіх святаў адбылося толькі пасля XIV стагоддзя. 

 

У цэнтры святкавання знаходзіцца вобраз Багародзіцы, якую ўводзяць у Святое Святых Храма. Святое Святых – месца, у якое ўваходзіў толькі першасвятар раз на год, таму гэты вобраз мае ў першую чаргу багаслоўскае значэнне, а не гістарычнае. 

 

У Святым Святых павінен быў захоўвацца Каўчэг Запавету, праз які Бог выяўляў Сваю прысутнасць сярод народа Ізраіля. Але ў часы Багародзіцы Святое Святых храма было цалкам пустым, бо Каўчэг быў страчаны яшчэ падчас Вавілонскага Выгнання. Уваход Багародзіцы ў Святое Святых азначае, што для хрысціян Марыя стала Новым Каўчэгам, праз які адбылося яўленне Бога.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


21.11.2025

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.