Ватыканская плошча Святога Пятра, на якой 26 красавіка 2025 года адбылося развітанне з Папам Францішкам, ператварылася ў сапраўдны эпіцэнтр планеты.
У суботу, 26 красавіка 2025 году ў Рыме – на Плошчы Святога Пятра – пахавальную Літургію Папы Францішка на лацінскай мове ўзначаліў 91-гадовы італьянскі кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Разам з ім маліліся каля 5 тысячаў канцэлебрантаў – кардыналаў, біскупаў і святароў розных абрадаў.
Біблійныя чытанні прагучалі на ангельскай, гішпанскай і лацінскай мовах. Малітву вернікаў падчас гэтай св. Імшы чыталі на шасці мовах: французскай, арабскай, партугальскай, польскай, нямецкай і кітайскай. Побач з алтаром усталявана абраз Маці Божай Salus Populi Romani, які быў асабліва дарагі спачыламу Папу Францішку.
Гэта св. Імша стала першай з дзевяці эўхарыстычных цэлебрацый, якія будуць праходзіць на працягу бліжэйшых дзевяці дзён жалобы і малітвы пасля смерці Святога Айца.
Беларускі епіскапат на пахаванні Папы Францішка прадстаўлялі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі і апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек).
На заканчэнне цэлебрацыі прайшлі абрады апошняга развітання з памерлым Пантыфікам, падчас якіх кардынал Бальтасар Рэйна, генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі, прачытаў на лацінскай мове малітву Рымскага Касцёла.
На заканчэнне апошняга развітаньня са спачылым Рымскім Архірэем мельхіцкі грэка-каталіцкі Патрыярх Антыяхіі Юсэф (Абсі) разам з іншымі першаіерархамі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў прачытаў малітву на грэцкай мове.
На пахавальнай св. Імшы прысутнічалі каля 160 афіцыйных дэлегацый з розных краінаў свету: высокія ўрадавыя прадстаўніцтвы Аргенціны і Італіі, 12 дзеючых манархаў, 53 кіраўнікі дзяржаў, 2 спадчынныя прынцы, 15 прэм’ер-міністраў, 6 віцэ-прэзідэнтаў, 3 намесьнікі прэм’ер-міністра, 7 спікераў парламентаў, 14 міністраў замежных спраў, 9 старшыняў міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН, Рады Еўропы і АБСЕ, а таксама міністры, паслы і іншыя госьці.
Развітацца з Папам Францішкам прыбылі прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў (усходніх традыцыі, англіканскіх і пратэстанцкіх) сярод якіх Патрыярх Канстанцінопальсікі Барталамей І і делегацыя Маскоўскага патрыярхату на чале з Мітрапалітам Валакаламскім Антоніем.
Прысутнічалі так сама прадстаўнікі іншых рэлігій (юдаізму, іслама, будызма, індуізма, сікхізма, зараастрызма і джайнізма).
Пасля абрадаў апошняга развітання труна з целам спачылага Святога Айца Францішка была перанесеная ў Базіліку Святога Пятра, а адтуль цэнтральнымі вуліцамі Рыма яе перавезлі ў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе адбулося пахаванне.
Паводле: Аляксандр Панчанка - Vatican News