Пошук

Каляндар

 

Духоўны тэстамент Папы Францішка  


Духоўны тэстамент Папы ФранцішкаДухоўны тэстамент Папы Францішка змяшчае ўказанні адносна яго пахавання ў Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Ён быў складзены 29 чэрвеня 2022 года ў Доме святой Марты.


Увечары 21 красавіка Зала Друку Святога Пасада апублікавала духоўны тэстамент Папы Францішка, у якім ён просіць Пана дараваць заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто любіў яго і працягвае маліцца аб ім, а таксама выказвае волю адносна месца свайго пахавання.

 

«Miserando atque Eligendo» — гэтым лацінскім дэвізам распачынаецца запавет Папы, увесь пантыфікат якога прайшоў пад знакам міласэрнасці.

 

У тэксце на італьянскай мове Францішак напісаў: «У імя Найсвяцейшай Тройцы. Амэн. Адчуваючы, што маё зямное жыццё набліжаецца да заходу, і з жывой надзеяй на жыццё вечнае, жадаю выказаць сваю тэстаментарную волю толькі адносна месца майго пахавання.

 

Сваё жыццё і святарскае і біскупскае служэнне я заўсёды давяраў Маці нашага Пана, Найсвяцейшай Марыі. Таму прашу, каб мае зямныя парэшткі спачывалі ў чаканні дня ўваскрасення ў Папскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.Жадаю, каб маё апошняе зямное падарожжа завяршылася менавіта ў гэтым старажытным марыйным санктуарыі, куды я накіроўваўся для малітвы на пачатку і ў канцы кожнага апостальскага падарожжа, давяраючы свае намеры Беззаганнай Маці і дзякуючы Ёй за Яе лагодную і мацярынскую апеку.

 

Прашу, каб мая магіла была падрыхтавана ў нішы бакавой навы паміж Капэлай Паоліна (Капэлай Salus Populi Romani) і Капэлай Сфорца вышэйзгаданай Папскай базілікі, як паказана ў прыкладаемым дадатку.

 

Магіла павінна быць у зямлі; простая, без асаблівых упрыгожанняў і з адзіным надпісам: Franciscus.

 

Выдаткі на падрыхтоўку пахавання будуць пакрыты з сумы ахвяравання, якую я даручыў перавесці ў Папскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ. Указанні адносна гэтага я перадаў мансіньёру Раландасу Макрыцкасу, надзвычайнаму камісару Ліберыянскага Капітула.

 

Няхай Пан даруе заслужаную ўзнагароду ўсім тым, хто мяне любіў і працягвае маліцца за мяне. Пакуты, якія азначылі апошні перыяд майго жыцця, я ахвярую Пану за мір у свеце і братэрства паміж народамі».

 

Тэкст: Марыя Валодзіна / Vatican News


24.04.2025

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.