Высокадастойны Айцец Біскуп Мілан!Ісус Хрыстос, Збавіцель наш, Першасвятар і Госпад Царквы паклікаў да нябеснага Валадарства Цябе – Архіпастыра Мукачаўскай Царквы.
Твой адыход да дому Айца стаў для нас нечаканым і балючым, але прымаем гэта як знак, што Госпад палічыў дастатковым Твой “архіпастырскі подзвіг” тут, на зямлі.
Высокадастойны Уладыка Мілан, як Архіпастыр Мукачаўскай епархіі, Ты служыў з запалам святых раўноапостальных Кірыла і Мятода не толькі ў Закарпацці, але ў сваёй руплівай місіі Ты шчодра і нястомна дапамагаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
Дарагі Айцец Біскуп Мілан, гэтыя словы развітання накіроўваем да Цябе сёння – 18 ліпеня, калі Мукачаўская Царква ўшаноўвае Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода.
Ад імя ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: ад імя святароў, дыяканаў, семінарыстаў і вернікаў выказваем глыбокую ўдзячнасць Госпаду за Тваё архіпастырскае служэнне.
Гэтыя словы падзякі і развітання накіроўваем да Цябе з Полацка і Віцебска – месцаў Твайго біскупскага служэння ў Беларусі: хіратоніі ды хіратэсіі клірыкаў нашай Царквы.
У Полацку і Віцебску – на месцах служэння і мучаніцкай смерці святамучаніка Язафата – з глыбокай развагай асэнсоўваем сімвалічны факкт, што Папа Ян Павел ІІ паклікаў Цябе да біскупскага служэння 12 лістапада 2002 года - у дзень успаміну святамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага. І ў Тваім біскупскім служэнні Ты мужна быў верны архіпастырскай місіі св. Язафата “каб усе былі адно”.
Дзякуем Табе, Уладыка Мілан, за словы, якія Ты накіраваў да нас тыдзень таму – 11 ліпеня, калі ў Полацку мы ўшаноўвалі 100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ і адзначалі 30 год ад першай публічнай грэка-каталіцкай Літургіі ў Беларусі.
Як каштоўнае архіпастырскае настаўленне прымаем Тваі словы, якія Ты накіраваў да пілігрымаў у Полацку:
“Мы дзякуем Госпаду за вялікі дар Царкве і свету ў асобе святога Яна Паўла ІІ, Папы, 100 гадоў з дня нараджэння якога мы адзначалі.
Вітаю вас з 30-годдзем з дня першай публічнай грэка-каталіцкай службы ў Беларусі.
Мы ўсе пакліканы сведчыць любоў Бога да чалавека. Гэта хрысціянскае пакліканне важна ў нашым свеце.
Жадаю вам радасці ў жыцці з нашым Госпадам і Збаўцам Ісусам Хрыстом. Няхай блаславенне Гасподняе сыдзе на вас!”Словы падзякі і развітання суправаджаем нашай гарачай малітвай.
Вечная Табе памяць ды блаславёны супакой!+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
Полацк – Віцебск, 18 ліпеня 2020 г.
Малітва ў Віцебску
Малітва ў Віцебску
Малітва ў Полацку
Малітва ў Полацку
Вітальнае слова