Пошук
Нядзельнае казаньне
|
|
РАСТВО ХРЫСТОВА - Хрыстос нясе сапраўдны мір |
|
субота
СЬНЕЖНЯ |
Казаньні і гаміліі
Свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста
“Жыць у чаканні Сустрэчы”
Дарагія браты і сёстры!
1.Евангелле, якое мы чытаем у сённяшняе свята - Свята Сустрэчы Госпада нашага Ісуса Хрыста – распавядае нам пра двух незвычайных людзей – Сямёна, якога Царкоўная Традыцыя называе Богапрымальнікам, і жанчыну Ганну. Яны былі людзьмі састарэлымі, і жыццё сваё правялі ў чаканні прыйсця Збаўцы. Магчыма, камусьці гэта падасца бессэнсоўным – яны маглі весці звычайнае жыццё і зрабіць шмат карыснага. Але Бог не палічыў іх жыццё марным – у выніку чаканне Сямёна і Ганны споўнілася, і яны ўбачылі Немаўля Хрыста, якога Багародзіца прынесла ў Ерусалімскі храм. Нашае жыццё, падобна як жыццё Сямёна і Ганны, з’яўляецца чаканнем і адначасова сустрэчай Ісуса Хрыста. Мы сустракаем Яго ў чытанні Слова Божага, у малітве, у Святых Тайнах, асабліва ў Святой Еўхарыстыі. Але нашыя сустрэчы з Госпадам тут, на зямлі – гэта чаканне сустрэчы з Ім тварам у твар у Валадарстве Нябесным. Нашыя маленькія спатканні – гэта хвілінныя кантакты са Збавіцелем напярэдадні сустрэчы, якая працягнецца бясконца. Але гэтая сустрэча можа і не адбыцца. Калі б Сямён ці Ганна, змучаныя шматгадовым чаканнем, адышлі з Ерусаліма, са святыні, яны маглі б прапусціць той момант, калі Багародзіца і святы Язэп прынеслі ў храм Збавіцеля. І вось тады іх жыццё было б змарнаванае. Падобнае можа адбыцца і з намі: калі мы прыпынім нашае чуванне, нашае чаканне Госпада, нягледзячы на нашыя папярэднія “заслугі” – пасты, малітвы, споведзі, Еўхарыстыі – сустрэча не адбудзецца. Нас не будзе на месцы, на якім нас чакае Госпад. Гэтае месца – не фізічнае, не пляц і не будынак. Гэта нашая вернасць Збаўцы. Вернасць, нягледзячы на тое, што прыказанні могуць здавацца недарэчнымі, несучаснымі, неістотнымі.
2. Сапраўды, што можа дадаць Богу нашая штодзённая малітва, пост па серадах і пятніцах, штонядзельная Літургія ці штомесячная споведзь? Нічога. Але яны дазваляюць нам памятаць пра Бога і Яго дабрыню, дзякуючы якой мы атрымалі чарговы дзень жыцця, памятаць пра Хрыста, пра Яго ахвяру на Крыжы. Каб не забыцца пра нейкія важныя рэчы, людзі часта пішуць пра іх на паперках, якія пакідаюць на бачных месцах. Такімі ж “паперкамі” для нас з’яўляюцца пералічаныя практыкі: штотыднёвы пост нагадвае нам пра пачатак і канец Мукаў Хрыста, штодзённая малітва – пра прысутнасць Бога ў нашым жыцці, Еўхарыстыя ў нядзелю – гэта падзяка Богу за ўсе дабрадзействы, якія мы атрымалі цягам тыдня. Калі мы пакінем нашыя рэлігійныя практыкі, нашыя адносіны з Богам могуць стаць падобнымі да адносінаў з сябрамі дзяцінства, якіх мы не бачылі шмат год. Такога чалавека мы можам сустрэць на вуліцы і нават не пазнаць, нягледзячы на тое, што, магчыма, некалі былі лепшымі сябрамі. Альбо, калі і пазнаем, то нам проста не будзе пра што размаўляць! Тое, што мы перажылі разам, даўно мінула і не мае значэння для сённяшняга жыцця. Вядома, гэты прыклад карэктны толькі з аднаго боку, з нашага. Бог заўсёды пазнае нас, жыве нашымі справамі, дапамагае нам у іх. Гэта мы часамі адварочваемся ад Яго і перастаем пазнаваць справы Яго Міласэрнасці ў нашым жыцці.
3. Дарагія браты і сёстры! Падчас свята Стрэчання, альбо, па-народнаму, Грамніцаў, мы асвячаем свечкі. У малітве на асвячэнне ёсць такія словы: “І дазволь літасціва, каб, як гэтыя свечы, што гараць бачным агнём і разганяюць начную цемру, так і сэрцы нашыя, прасветненыя нябачным агнём, якім ёсць святло Духа Святога, пазбеглі цемры граху, і ачышчаным вокам душы бачылі тое, што ёсць прыемным Табе і карысным для нашага збаўлення”. Няхай жа асвячаныя свечкі, якія мы занясем да сваіх дамоў і будзем запальваць падчас асабістай ці сямейнай малітвы, нагадваюць нам пра патрэбу ў верным і вытрывалым чаканні Сустрэчы з Госпадам. Амін. Аўтар - а. Андрэй Крот |
|
31.01.2024
|






Сёньняшняе чытаньне:
