Полацкі летнік для людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця.У Полацку, пры грэка-каталіцкай парафіі Святамучаніка Язафата, з 14 па 20 ліпеня 2014 г. прайшоў летнік для людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця. Ён быў арганізаваны Хрысціянскім валанцёрскім рухам св. Мікалая.




Праграма летніка была цікавай і разнастайнай. Акрамя штодзённай Боскай Літургіі ў мясцовай грэка-каталіцкай царкве св. Параскевы Полацкай ды супольных малітваў, моладзь мела магчымасць прыняць удзел у забаўляльных і адпачынковых мерапрыемствах, такіх як гульні і забавы, паход на возера, рэчку, экскурсія па горадзе, а таксама, у больш сур’ёзных, такіх як вывучэнне Бібліі праз тэатральныя пастановы.
У гэтым годзе, дзякуючы мясцоваму коннаму клубу, удзельнікі летніка маглі даведацца шмат новага з жыцця коней, а таксама пакатацца на іх у рамках занятку па іпатэрапіі. Цікава было даведацца, што коні могуць пражыць ажно 40 гадоў. Але тыя коні, якія задзейнічаныя ў іпатэрапіі жывуць толькі 5 год, ахвяруючы сваё здароўе і жыццёвыя сілы людзям.
Мабыць, таксама і ў хрысціянскім жыцці: калі ты хочаш зрабіць добры учынак, то мусіш быць гатовы да нязручнасцяў і ахвяраў.
Полацкія летнікі традыцыйна служаць пляцоўкай для сустрэчы і духоўнага ўзрастання саміх валанцёраў. Гэта час, калі можна сабе дазволіць выйсці за межы сваіх штодзённых клопатаў, спыніцца і пражыць тыдзень у хрысціянскай супольнасці, практыкуючы сваю веру ў служэнні бліжняму.
а. Аляксандр Шыбека