Пошук
Нядзельнае казаньне
|
|
РАСТВО ХРЫСТОВА - Хрыстос нясе сапраўдны мір |
|
субота
СЬНЕЖНЯ |
Казаньні і гаміліі
ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦА - ЗЫХОД СЬВЯТОГА ДУХА
“Жыць Духам Хрыста” І паказаліся ім падзеленыя языкі, быццам агнявыя,
ды паселі на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Сьвятым […] Дзеі 2, 3-4. 1. Бог у Старым Запавеце шматразова зьяўляўся чалавеку ў агні. У агні Ён уклаў запавет з Аўраамам, абяцаючы яму нашчадка (Быцьцё 15, 17). Бог зьявіўся Майсею ў Кусьце, што не згараў, каб паклікаць яго вызваліць Ізраіль з ягіпецкай няволі (Выхад 3,2). У агні Бог зышоў на Сынай, каб укласці там Саюз са сваім выбраным народам (Выхад 19,18). Бо Госпад Бог Ёсьць “агонь, што пажырае”, кажа Кніга Другазаконьня (4, 24). Менавіта агонь ёсьць увасабленьнем моцы і недасягальнасьці, сілы, без якой чалавеку немагчыма існаваць, і да якой, адначасова, немагчыма наблізіцца. 2. Таксама ў дзень Пяцідзесятніцы Сьвяты Божы Дух зьяўляецца ў выглядзе агню. Але Ён спачывае ўжо не на Сьвятой Зямлі, не на Скрыні Запавету і не ў Сьвятое Сьвятых ерусалімскага храму. Ён спачывае на вучнях Хрыста, якія паверылі Ягонай пропаведзі, якія прынялі Ягонае слова, якія, пакінуўшы ўсё, што мелі, і, узяўшы свой крыж, пайшлі за Ім. Ад гэтага моманту яны – Сьвятая Зямля, яны – Скрыня Запавету і Божы Храм. Сьвяты Дух, які спальвае усякую нечысьціню, спачывае на іх у выглядзе агню, але не апальвае іх, бо яны ўжо ачышчаны пакаяньнем і Божым Словам. Ад сёньня яны адно цэлае з Божай сілай, якая будзе магутна дзеяць праз іх, пацьвярджаючы кожнае слова іхняй пропаведзі пра Хрыста шматлікімі знакамі і цудамі. 3. Гэты Божы дар, дар Духа Сьвятога, сёньня даецца таксама кожнаму з нас. Кожнаму, хто здольны яго прыняць... І тут узьнікае цяжкасьць. Хто з нас, людзей, можа з лёгкасьцю наблізіцца Бога? Хто з нас не адчувае ўласнае ўпартасьці і нечысьціні, якія, нібыта “берлінская сьцяна”, аддаляюць нас ад Божага жыцьця? Хто з нас здольны настолькі аддацца ў Божыя рукі, каб, нібыта ахвяра ўсепаленьня, “спаліць” сваё жыцьцё, пасьвяціць яго Богу ад пачатку да канца? Адказ на гэтае пытаньне можна пабачыць ў Хрысьце. У Хрысьце мы бачым, што Бог ня толькі “агонь, што пажырае” але таксама “Сьвеце ціхі”, што сьвеціць у цемры (Ян 1,5) і прасьвятляе кожнага, хто прыходзіць у гэты сьвет. Слова Хрыстова, адначасова простае і магутнае, настаўляе і ачышчае чалавека, робячы яго здольным прыняць “Сілу з вышыні”. Мерай таго, наколькі мы жывем з Хрыстом, мы становімся здольнымі прыняць таксама Сьвятога Духа, Хрыстовага Духа. А жыць з Хрыстом азначае жыць так, як жыў Ён. Такім самым, вельмі простым, чалавечым жыцьцём. З радасьцю і ў прастаце сэрца здабываючы “штодзённы хлеб”, шукаючы Божую волю ў сваім жыцьці, прымаючы, як ад Бога, як добрае, так і злое, і будучы за ўсё ўдзячным Богу. А Бог, які не шкадуе сваіх дароў нават для людзей “чужых” і далёкіх ад Яго, тым больш людзям сваім хутка дасьць свой найбольшы Дар. Аўтар - ераманах Лявонцій (Тумоўскі) |
|
4.06.2022
|






Сёньняшняе чытаньне:
