Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Сябры і мытнік: два ключы, каб зразумець Мц: 9:1-8  


Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Існуе два ключы, дзьве тэмы, на якія мы можам разважаць пачуўшы сёньняшні ўрывак Евангельля. Першая тэма – гэта сяброўства. Учынак тых, хто разабраў дах і спусціў да ног Ісуса спаралізаванага, шмат гаворыць пра сапраўднае сяброўства. Сам Госпад дае яму найвышэйшую ацэнку, калі бачыць у ім акт веры.

Разважаючы пра сяброў спаралізаванага мы можам уявіць сабе, якія цяжкасьці і перашкоды яны пераадолелі. Іх прыклад можа дапамагчы і нам заставацца вернымі нашай сям’і, блізкім, сябрам ды Бацькаўшчыне. Вось жа падобная вернасьць – гэта вышэйшая форма любові, дзякуючы якой можна дасягнуць Хрыста.

2. Другая тэма – гэта боскасць Збаўцы. Ісус жадае аздаравіць спаралізаванага. Ён чыніць гэта, прабачаючы яму грахі, што выклікае немалое абурэньне кніжнікаў. На фоне гэтага абурэньня Ісус робіць дзьве рэчы: па-першае, Ён аздараўляе чалавека; па-другое, робіць гэта словамі, якія ня толькі не зьмягчаюць Ягонага папярэдняга заяўленьня, але яшчэ раз адназначна пацьвярджаюць, што Ён не памыліўся ў сваіх фармуліроўках і сказаў тое, што хацеў сказаць: Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпушчэньня грахоў (Мц. 9:6а).

Тут тагачасныя слухачы-габрэі апынуліся перад таямніцай. Такая ўлада, улада адпускаць грахі, належала толькі Богу. Як мог Чалавек, які стаяў перад імі быць Богам? Слухачы робяць адзіную магчымую выснову: Бог даў такую ўладу людзям (пар. Мц. 9:8). Аднак сур'ёзны багаслоў ня можа пагадзіцца з такой высновай. Як можа той, хто грашыць, прыняць уладу адпускаць сабе (або іншым грэшнікам) грахі? Такое пытаньне павінна было паўстаць у розумах некаторых людзей і выклікаць няпэўную здагадку, цьмянае бачаньне...

3. Магчыма такім чалавекам як раз і быў мытнік Мацьвей. Уласна пасля вышэйзгаданай падзеі (будучы хутчэй за ўсё яе сьведкам) ён апісвае сваё пакліканьне.

Сёньня мы маем тэалагічныя веды, якія сьцьвярджаюць дзьве прыроды Ісуса Хрыста: боскасьць і чалавецтва. Аднак мы патрабуем розуму, а лепей сказаць сэрца (бо не ідзе мова пра інтэлетуальную дзейнасьць) мытніка Мацьвея, каб атрымаць унутранае бачаньне, якое вядзе да сапраўднага пазнаньня нашага Госпада Ісуса Хрыста.

Аўтар - а. Андрэй Буйніч

8.07.2012

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.