Вялікая Пятніца і Вялікая Субота – дні ў якіх хрысьціяне візантыйскага абраду, разважаючы таямніцу пахаваньня Ісуса Хрыста, пакланяюцца ў храмах сьвятой Плашчаніцы, гэта добрая нагода, каб у малітве ўзгадаць шматлікіх пакутнікаў, месца пахаваньня якіх невядомае. Сярод іх ёсьць і Экзарх беларускіх грэка-католікаў а. Антон Неманцэвіч – дакладнае мейсца ягонай магілы так і не знойдзена.
Вядома толькі, што Ён быў замучаны нямецкімі нацыстамі ў менскай турме SD і быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.
З ініцыятывы Протапрэзьбітара Цэнтральна-Заходняга Дэканату БГКЦ а. Андрэя Абламейка, у Вялікую Суботу 11 красавіка ў Парафіяльным Цэнтры сь. Язэпа грэка-католікі Менска ў малітве перад Плашчаніцай Гасподняй узгадаюць Экзарха-Мучаніка. А паколькі не знойдзеная ягоная магіла, будзе асьвячаная і складзена ў адмысловай капсулі зямля з могілак, дзе быў ён пахаваны.
Малітву а 9:00 гадз. раніцы ўзначаліць Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей, які ў Вялікую Пятніцу – 10 красавіка наведаў Альбярцін ды маліўся перад крыжом усталяваным на месцы служэньня і арыштаваньня нямецкім гэстапа Экзарха Антона.