Пошук

Каляндар

 


13.12.2016

“Мікалай, Мікалай, ты да нас завітай!” — на парафіі Праведнага Язэпа прайшло дзіцячае святаУ нядзелю 11 снежня 2016 г., у душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску завітаў святы Мікалай, каб раздаць падарункі дзецям. Адметнасць свята была ў тым, што яго ладзілі не дарослыя, але самі дзеткі. Свята было зроблена ў стылі беларускай шляхты, таму гледачы змаглі перанесціся ў атмасферу ХІХ стагоддзя.

 

Галоўнымі рухавікамі свята былі дзеткі-ўдзельнікі “Нядзельнай школкі” і парафіяльнай “Шляхецкай школкі”. Яшчэ месяц таму яны пачалі рыхтавацца да прыходу святога Мікалая — рабіць Адвэнтовы каляндар, размаўлёўваць святога Мікалая, развучваць вершы, спевы і танцы. У той час бацькі таксама дапамагалі дзеткам падрыхтавацца да свята — яны пашылі ім строі ў стылі “ампір”.

13.12.2016

Апостальскі Нунцый лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў БеларусьАпостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь. Пра гэта ён заявіў 13 снежня, адказваючы на пытанні журналістаў перад цырымоніяй уручэння даверчых грамат Прэзідэнту Беларусі.

«Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візіту Папы Рымскага ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы», — адзначыў каталіцкі іерарх. 

Папскі пасланнік падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.

13.12.2016

Пахаванне протапрэзбітара Віктара ДанілаваПаховіны а. Віктара Данілава адбыліся ў нядзелю, 11 снежня 2016 г. у горадзе Яраслаўлі (Расійская Федэрацыя).

 

Святую Імшу, якая была адслужана ў капліцы мясцовай рыма-каталіцкай парафіі Ўзвышэння Святога Крыжа, узначаліў а. Якуб Блашчышын SVD, прэфект Пецярбурскай семінарыі. Яму саслужылі архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі і а. Аляксандр Шаўцоў з Полацка.

13.12.2016

Выдадзены Апостальскі ліст «Misericordia et misera» па-беларускуВыданне Апостальскага ліста «Misericordia et misera» Святога Айца Францішка ў перакладзе Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі здзейснена ў выдавецтве «Pro Christo» пры падтрымцы Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў

 

Апостальскі ліст Святога Айца Францішка на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці запрашае нас паглядзець у будучыню і зразумець, як ісці далей з вераю, радасцю і энтузіязмам, каб зведаць багацце Божай міласэрнасці. Нашыя хрысціянскія супольнасці надалей могуць быць жывымі і дынамічнымі ў справе новай евангелізацыі настолькі, наколькі «пастырская аднова», да якой мы пакліканы, будзе штодзённа адбывацца пад уплывам аднаўляльнай моцы міласэрнасці.

13.12.2016
У Маскве развіталіся з протапрэзбітарам Віктарам Данілавым10 снежня 2016 г. ў рыма-каталіцкай катэдры ў Маскве была адслужаная заўпакойная св. Імша за святой памяці протапрэзбітара Віктара Данілава – былога дэкана грэка-католікаў Беларусі, які адышоў да Госпада 7 снежня, на 90 годзе жыцця ў сваім родным горадзе Яраслаўлі.

 

Св. Імшу ўзначаліў архібіскуп-мітрапаліт Архіепархіі Маці Божай у Маскве Павел Пеццы ў саслужэнні генеральнага вікарыя архіепархіі - прэлата Сергія Цімашова, архімандрыта Сяргея (Гаека) з Мінска, а. Аляксандра Шаўцова з Полацка, настаяцела армяна-каталіцкай парафіі ў Маскве – архімандрыта Петроса Есаяна, а. Андрэя Зверава – дэлегата ардынарыя для каталікоў візантыйскага абраду ў Расіі біскупа Юзафа Верта ды 15-ці святароў лацінскага і візантыйскага абраду.

10.12.2016
Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыта Сяргея (Гаека) на пахаванне протапрэзбітара Віктара Данілава Масква, 10 снежня; Яраслаўль, 11 снежня 2016 г.Высокапраасвяшчэнны Уладыка Мітрапаліт Павел (Пеццы)

Пачэсныя і Вялебныя Айцы, Дарагія Браты і Сёстры!

 

Christus vincit, Christus regnat, Christus imperat!

 

Не хацелася б казаць ніякіх агульны слоў, якія можа прамовіць кожны прапаведнік, праводзячы спачылага Сабрата ў дом Нябеснага Айца. Асабліва гэтак заслужанага, як айцец Віктар. Лёгка і прыемна пералічыць яго шматлікія турботы на карысць Святой Хрыстовай Царквы. Яго кнігі і пераклады, выпакутаваныя на цярністым шляху жыцця, вядомыя многім. Яго духоўны запал і актыўная місіянерская пазіцыя прызнаныя многімі.

 

Яшчэ шмат шчырых і цудоўных слоў будзе прамоўлена аб протапрэзбітары Віктары. Аб яго сустрэчах з айцом Аляксандрам Менем, аб яго таемных пастырскіх паездках па прасторах СССР. Аб адважным апалагеце каталіцкага навучання. Ёсць, аднак, вялікае жаданне засведчыць аб галоўным цудзе ў жыцці айца Віктара – цудзе яго веры.

7.12.2016

Айцец Віктар Данілаў, протапрэзбітар Беларускай Грэка-Каталіцкай ЦарквыПротапрэсвітэр Віктар Данілаў нарадзіўся 20 ліпеня 1927 году ў г. Яраслаўль (Расія). Па сканчэнні сярэдняй школы працаваў. Быў прыняты кандыдатам у сябры Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). У 1947 годзе паступіў у Яраслаўскі педагагічны інстытут.

 

Цяжкое матэрыяльнае становішча савецкіх грамадзян, якое пагоршылася ў сувязі з неўраджаем 1946 году, выклікала ў грамадстве апазіцыйныя настроі, асабліва сярод моладзі. Многім здавалася, што для нармалізацыі жыцця неабходна толькі вярнуцца да так званых ленінскіх прынцыпаў. Студэнт Віктар Данілаў быў у ліку тых, хто крытыкаваў сталінізм з пазіцый “чыстага ленінізму”. Погляды і выказванні маладога апазіцыянера не былі не заўважаныя агентамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. У чэрвені 1948 году Віктара Данілава арыштавалі і аддалі пад суд. За “антысавецкую агітацыю” ён быў пакараны зняволеньнем на 10 гадоў

7.12.2016

АДЫШОЎ ДА ГОСПАДА ПРОТАПРЭЗБІТАР ВІКТАР ДАНІЛАЎУ ноч на 7 снежня 2016 г., на 90-м годзе жыцця, у Яраслаўлі (РФ) адышоў да Госпада вядомы душпастыр беларускіх грэка-католікаў, протапрэзбітар Віктар Данілаў.

 

Пахаванне святой памяці спачылага святара Віктара пройдзе ў Яраслаўлі ў нядзелю - 11 снежня 2016 г.

 

ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ!

5.12.2016

Грэка-католікі Беларусі завяршылі Год памяці Берасцейскай унііУ суботу, 3 снежня 2016 г., у грэка-каталіцкай парафіі святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасці прайшла служба завяршэння Году памяці Берасцейскай царкоўнай ўніі.


Пачынаючы з дня 23 снежня 2015 г. у грэка-каталіцкіх парафіях у Беларусі праходзілі Дні ўспаміну 420-ці год Берасцейскай Уніі, абвешчанай на ўнійным сінодзе ў Берасці 16-18 кастрычніка 1596 г.   

 

Агульным дэвізам святкаванняў былі словы Сімвала веры "Веру ў адзіную, святую, паўсюдную і апостальскую Царкву".

 

Тыя ж словы былі прадметам духовага разважання і асэнсавання ўдзельнікаў Берасцейсіх святкаванняў 3 снежня 2016 г.

17.11.2016

Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіса ІІІПапа Францішак прыняў на аўдыенцыі Патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Гіваргіса ІІІ. Сустрэча прайшла 17 лістапада 2016 г. у Апостальскім палацы Ватыкана. Падчас яе адбылася прыватная размова, абмен падарункамі, прагучалі прамовы.

 

Адной з галоўных тэм сустрэчы была сітуацыя на Блізкім Усходзе, дзе, як заўважыў Папа, сотні тысяч нявінных людзей становяцца ахвярамі жудасных і крывавых канфліктаў, якія не можа апраўдаць нічога. “Там нашы браты і сёстры хрысціяне, а таксама розныя рэлігійныя і этнічныя меншасці, на жаль, прызвычаіліся штодзённа пакутаваць ад вялікіх выпрабаванняў”, - падкрэсліў Францішак.

 


Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.