Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
На дарозе ў Іерусалім
Дарагія браты, дарагія сёстры 1. Сёньня ў Евангельлі Ісус ужо ў трэці раз гаворыць сваім вучням, што ідзе ў Іерусалім, каб быць выданым на сьмерць. Аднак ня першы раз і не другі, і ня трэці вучні не разумеюць нувукі свайго Настаўніка. Першы раз, калі Госпад навучаў пра сваю сьмерць і Ўваскрасеньне ў Кесарыі Філіпавай, Пётр адводзіць Яго і пачынае адгаворваць. Памятаем рэакцыю Збаўцы: «А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае» (Мк 8, 33). Наступны раз Ісус навучае пра свае пакуты, сьмерць і Ўваскрасеньне, калі праходзіць праз Галілею. Вучні ж — як падкрэсьлівае евангеліст Марк — «не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца» (Мк 9, 32). І нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо мысленьне вучняў скіраванае зусім у іншы бок — яны спрачаюцца паміж сабою ў дарозе, хто большы... Ісус бачыць гэта і, калі яны спыняюцца ў Капернауме, намагаецца скіраваць іх мысленьне на шлях праўдзівага разуменьня: «Калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою» (Мк 9, 35). 2. І вось яны падыходзяць ужо да Іерусаліму: першым ідзе Ісус, а за ім у страху перад небясьпекай ідуць вучні (пар. 10, 32). У трэці раз Госпад пачаў падрабязна гаварыць ім пра тое, што мае з Ім мае адбыцца... Аднак па-ранейшаму вучні яго ня чуюць — яны ў палоне сваіх мрояў... Як аплявуха гучаць словы Якуба і Яна, сыноў Зевядзеевых: «Дай нам сесьці аднаму справа ад Цябе, а другому зьлева ад Цябе, у славе Тваёй» (Мк 10, 37). Госпад пакорна прымае неразуменьне вучняў, коратка падсумоўваючы: «Ня ведаеце чаго просіце» (Мк 10, 38а), і чарговы раз пачынае ім церпяліва тлумачыць пра тое, што каб быць першым трэба стацца слугою. Ня шмат жадаючых стаць слугамі. Мы ўсе хацелі б не служыць, але каб нам служылі. Мы падобныя на вучняў Хрыстовых з той розніцай, што яны знаходзіліся на дарозе ў Іерусалім, а мы - на дарозе Вялікага Посту. Што перашкаджае нам разумець Ісуса? Якія нашыя неўпарадкаваныя амбіцыі і пажаданьні робяць нас глухімі на Слова Божае? 3. Сёньня мы ў асаблівы спосаб узгадваем сьв. Марыю Ягіпецкую. На працягу 17 год яна была прастытуткай. Аднойчы, калі яна з цікавасьці хацела зайсьці ў храм, то нейкая сіла не дазволіла ёй гэта зрабіць. Калі Марыя паглядзела на ікону Багародзіцы, што была на дзьвярыма царквы, то раптам усьвядоміла — гэта яе грахі не пускаюць яе ў Божы храм. Гэты вопыт стаўся пачаткам навяртаньня. Пасля працяглай пакаяннай малітвы перад іконай Маці Божай, Марыя ізноў навжылася ўвайсьці ў царкву. Гэтым разам не было для яе перашкоды. Яна зразумела, што Бог у сваёй міласэрнасьці прымае ўсіх, якія каюцца. Пасьля свайго навяртаньня Марыя сыходзіць на пустыню Ярданскую. Тут яна пражыла аж да сваёй сьмерці - 47 год і праславілася сваімі духоўнымі подзьвігамі. Сьв. Марыя Ягіпецкая зьяўляецца для нас прыкладам хрысьціянскага радыкалізму і рашучага жаданьня быць з Хрыстом. Давайце апошнія дні Вялікага Посту выкарастаем на малітву — будзьма маліцца, каб і нам мець вялікае прагненьне жыць глыбокім духоўным жыцьцём у Хрысьце Ісусе Госпадзе нашым. Амін. Аўтар - а.Андрэй Буйніч |
|
9.04.2011
|






Сёньняшняе чытаньне:
