Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Другая нядзеля Вялікага Посту  


“Нашто гэтак думаеце ў сэрцах сваіх...?” (Марк 2, 1-12)

У сёньняшнім Евангельлі мы чуем пра тое, як людзі, падобна да нас сёньня, зьбіраюцца да Хрыста, жадаючы пачуць Ягонае слова. Увага ўсіх засяроджана на асобе Ісуса з Назарэту, на Ягоным навучаньні, магчыма таксама, на знаках або цудах, якія народ чакае пабачыць ад Яго. Але ўважлівы таксама сам Хрыстос, які бачыць ня толькі абліччы шматлікіх сабраных вакол Яго людзей, але здольны зазірнуць і ў іхнія сэрцы.

Прысутныя сярод натоўпу кніжнікі, ня кажучы ўголас ані слова, унутрана згоршваюцца і спакушаюцца тым, што Хрыстос, робячы сябе роўным Богу, адпускае грахі прынесенаму да Яго спаралізаванаму чалавеку. Тады Хрыстос, пакінуўшы паралітыка, зьвяртаецца да іх: “Нашто гэтак думаеце ў сэрцах сваіх...?” Так, яны цалкам заслужылі на гэты дакор, бо ня маючы веры паспрабавалі зразумець гэтую сітуацыю сваім па-чалавечы слабым розумам. А як ведае кожны з нас, у дачыненьні да Божых справаў гэта заўсёды заканчваецца безвынікова...

Евангеліст нічога ня кажа пра тое, як перажывалі гэту сітуацыю іншыя прысутныя там людзі, якія думкі прыходзілі ў іхнія сэрцы. Цікавасьць і абыякавасьць, жаданьне пабачыць цуд і зьдзіўленьне ад таго, што паралітык раптам падымаецца на ногі і цягне за сабою свой ложак. Можа, таксама страх і сорам перад тым, каб мае самыя патаемныя думкі раптам ня сталіся вядомыя ўсім прысутным.

Госпад бачыў ўсё гэта, і, магчыма, стараўся адказаць на гэтыя страхі, пытаньні, неразуменьне ці то словамі Свайго навучаньня, ці нават самімі ўчынкамі Сваімі. Але сярод шматлікіх прысутных тут людзей Хрыстос асабліва зьвяртае cваю і нашу ўвагу на Чатырох. якія прыносяць паралітыка. Госпад бачыць і разумее, “духам Сваім”, як гэтых Чатырох вылучае сярод іншых людзей супольная вера, міласэрнасьць да свайго бліжняга, жаданьне яму дапамагчы, якое штурхае іх на зноў жа па-чалавечы, нават не зусім законную справу.

Вось такое ж веры і міласэрнасьці Госпад чакае сёньня і ад нас. Навучае нас праз Сваё слова і доўга церпіць тыя ўчынкі і ўпадабаньні, за якія меў бы нас дакараць. Робіць гэта са спадзяваньнем, што прыйдзе тая хвіліна, калі мы, адклаўшы “параліч” нашае веры і кволыя разумаваньні нашага розуму, зьвернемся да Яго “адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі”. І тады Сын Чалавечы выявіць уладу, дадзеную Яму ад Айца. Амін.

Аўтар - ераманах Лявонцій (Тумоўскі)

19.03.2011

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier