Пошук

Каляндар

 
аўторак
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Казаньні і гаміліі Першая нядзеля Вялікіга посту  


”Цярпліва праходзіць праз поле змаганьня”

1. Вялікі Пост ёсьць часам асаблівага духовага змаганьня (подзьвігу), стараньня, самаабмежаваньня, адрачэньня. Часам, калі мы пакліканы адмовіцца ад чагосьці таго, што зьяўляуцца насамрэч добрым. Ежа, забавы не зьяўляюцца чымсьці дрэнным і заганным. Калі ад злых і паганых учынкаў, грахоў мы мусім адмаўляцца цягам цэлага году, дык ад добрага – у часе посту. І прычына адмовы ад добрага можа быць толькі адна – асягнуць лепшае.
Чым жа ёсьць гэтае лепшае, чаго мы прагнем асягнуць у часе свайго велікапоснага стараньня. Гэтым лепшым можа быць толькі тое, што атрымана ад Бога, вялікі дар, які быў абяцаны чалавецтву здавён даўна Богам.

2. Сьвятая Царква ў чытаньні Апостала з Пасланьня да Габрэяў (Габр 11:24–26.32–12:1–2) сёньня адкрывае перад намі перспектыву гэтага абяцаньня, спаўненьня якога чакалі людзі спрадвеку. Ад часоў Майсея і іншых герояў веры выбранага народу, якія шмат пацярпелі ў чаканьні выпаўненьня абяцаньня і выяўлялі сваю магутную веру, але не атрымалі абяцанага. Гэтае абяцанае мы. Мы зьяўляемся спадкаемцамі, хоць не зьяўляемся ані героямі веры, ані прыкладам праведнасьці. А споўненым абяцаньнем -- Хрыстос.

3. Вялікі Канон сьв. Андрэя біскупа Крыту, частку якога чыталі мы ў мінулы чацьвер, прыпамінае нам вобраз загубленага гроша: “Я, Гoспадзe, – грoш з царскiм выявам, якi Ты згубiў. Запалi лixтар Твoй, Слoва – Прадвeсьнiка Твайгo – i знайдзi Твoй вoбраз iзнoў.”

Глыбіня і сапраўдная творчая паэтычнасьць гэтых словаў дазваляюць трапна апісаць стан чалавечае душы датычна Бога. Чалавек – уласнасьць Бога, можа лепш сказаць сапраўды БОЖАЕ стварэньне, пакліканае быць з Богам. Але гэтае стварэньне загубілася. Але чалавек кліча свайго Цара, каб ён адшукаў грош са сваім вобразам.

Як трапна сказана “аднайсьці вобраз Цара – вобраз Хрыста” і менавіта гэта ёсьць адной з мэтаў посту, аднайсьці вобраз Бога – вобраз Хрыста ў сабе.

4. Зусім невыпадкова Царква чытае і разважае ў першую нядзелю посту Евангельле ад Яна (1, 43 – 51), дзе адкрываецца перад намі, як быццам упершыню, Хрыстос – Месія, выпаўненьне абяцаньня Ізраілевага.

Мы, спадкаемцы абяцаньня Божага, якія атрымалі абяцанае, мусім час ад часу наноў спаглядаць на Хрыста-Месію і пытаць сябе, ці не загубіліся мы. І, напэўна, у сумленьні адказ нас чакае: так, загубіліся. Таму прыгадаем сабе, чый вобраз выбіты на нашым грошы-душы ў хвіліну сьвятога Хросту і спрабуем вярнуцца да гэтага ў часе Вялікага посту. Гэты час калісьці быў часам прыгатаваньня да Хросту, а зараз хай будзе для нас часам вяртаньня да хросных абяцаньняў. Праз духоўнае змаганьне, самаабмежаваньне, адрачэньне...

Таму і мы [...] скінем з сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі, гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса (Габр 12:1-2).

Аўтар - а. Яўген Усошын

12.03.2011

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier