Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
МУЧАНІКІ ПАДЛЯСКІЯ – СЬВЕДКІ ПРАЎДЫ І ЛЮБОВІ ДЛЯ НАС
Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў. 1 Ян 3: 16 1. Сёньня Царква літургічна згадвае памяць Падляскіх мучанікаў, сялянаў-уніятаў, якія былі забітыя царскімі войскамі жаўнерамі, абараняючы ад закрыцця сваю парафіяльную царкву ў падляскай вёсачцы Пратуліне. Мучанікі – “мучанік” па-грэцку азначае “сьведка” – заўсёды асаблівым чынам былі зьвязаныя з ахвяраю Хрыста. Сёньняшні ўрывак Евангельля пра мучанікаў гаворыць пра слугаў, якіх пасылаў да вінаградараў гаспадар вінаградніка. Гэтымі слугамі і ёсьць слугі Хрыста – мучанікі. Не толькі тыя, якія былі перад ягоным Прыйсьцем, але таксама і Ягоныя пасьлядоўнікі. Хрыстос зьвязаны са сваімі слугамі-мучанікамі не толькі ахвяраю жыцьця, але і паслушэнствам Айцу, якое Хрыстос разам са сваімі слугамі Яму складае. Падляскія мучанакі складалі ахвяру свайго жыцьця таксама ў паслушэнстве, не з фанатызму, ці дзіўнай упартасьці. Насьледвалі Хрыста падляскія слугі гаспадара вінаградніка і ў любові: любові да свайго гаспадара, вінаграднік якога меліся бараніць перад тымі, хто хацеў яго зьнішчыць – царскім войскам, любові да сваіх продкаў, якія сваімі малітвамі калісьці збудавалі сьвятыню ў Пратуліне, напоўнілі яе духам малітвы, любові да сваіх братоў, бліжніх, аднавяскоўцаў, якіх не хацелі пазбавіць магчымасьці верыць у Бога і маліцца ў сваёй царкве. Любоў гэта была дзейснай, той, якая аддае душу сваю за бліжніх, сапраўднай. 2. “Па-чалавечы” подзьвіг мучаніцтва не вытлумачальны. Чалавек зямны, ці лепей сказаць прыземлены, мусіць мець вынік і калькуляцыю прыбытку. Калі ён нечым ахвяруе, то мусіць ведаць што на гэтым здабудзе. Мучаніцтва наадварот вельмі далёка ад калькуляцыі, нават “калькуляцыі надпрыроднай” жаданьня “зарабіць” на Валадарства Божае. Мучаніцтва зьвязана з вызнаваньнем праўды. Праўды, якая гэтым сьветам часта не ўспрымаецца як відаводная, або зусім не гарантуе перамогі. Згадаем Хрыста – самую Праўду, які “па-чалавечы” прайграў. І падляскія мучанікі таксама ішлі “прайграваць” – аддаваць сваё жыцьцё за веру, бо не мелі шанцаў выйграць бяззбройнымі ў войска. Таямніцу мучаніцтва, выяўленьня вернасьці праўдзе да крыві, сьведчаньне надзеі ў безнадзейнасьці можа паказаць толькі глыбокая унутраная повязь мучанікаў з Хрыстом. Толькі жаданьне быць з Хрыстом і унутраная рэальная з’яднанасьць з ім можа нам растлумачыць, чаму мучанікі згаджаліся на пройгрыш, выбіралі сьмерць. Бо выбіраючы сьмерць, яны выбіралі Жыцьцё-Хрыста. Любоў да Бога ў жахлівыя моманты выпрабаваньняў ужо на гэтай зямлі асьвячала іх шлях сьвятлом Уваскрасеньня. 3. Дабравольнае праліцьцё крыві ў імя Хрыста было ў гісторыі Царквы заўсёды зьвязана з адкупленьнем. Адкупленьнем ад грахоў, повязьзю з ахвярай Хрыста, але таксама і своеасаблівай “заплатай” за развіцьцё, пашырэньне Царквы, як містычнае, так і геаграфічнае. Кроў мучанікаў – гэта семя царквы, знак прысутнасьці Сьвятога Духа ў Царкве. Мучанікі з Пратуліна плацілі сваёй крывёй за існаваньне дзедавай веры: за вернасьць Рыму і сьвятой хрысьціянскай еднасьці. Хай жа іх прыклад не першых, але не апошніх мучанікаў за веру і еднасьць Царквы ў Хрыстовай любові заахвоціць нас быць вернымі таму, чымі слугамі мы таксама зьяўляемся. Аўтар - А. Яўген Усошын |
|
23.01.2011
|






Сёньняшняе чытаньне:
