Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Перадсвяцце Раства Хрыстовага  


“Слова стала целам, і пасялілася сярод нас”

Вось надыходзіць дзень, калі бэтлеемская зорка паказвае нам шлях да новага жыцця, цалкам адданага Ісусу-дзіцятку. Мы запрошаныя да цёплых, сябоўскіх адносінаў з нашым Богам.
Нараджэньне Ісуса Хрыста – гэта другое найбольшае пасля Пасхі хрысьціянскае сьвята. Яно такое вялікае, бо вялікая падзея, якую сьвяткуем.

Збаўца чалавечага роду прыйшоў на зямлю, нарадзіўся як малое дзіцятка. Бог не забыў пра чалавека, пра сваё найлепшае стварэнне, але прыйшоў уратаваць яго ад граху. “І Слова стала целам, і пасялілася сярод нас” – піша пра гэту падзею евангеліст Ян (Ян. 1:14).
***
Вось, прадвечны Бог, як маленькае дзіця, ляжыць у яслях. Ен чакае, калі мы, як мудрацы і пастушкі, прыйдзем да яго. Ен паказаўся нам як маленькае дзіцятка, каб мы не баяліся яго. Нам не трэба палхацца яго бясконцай велічы і моцы. Ен аб’яўляецца нам не як суровы суддзя, а як безабароннае немаўля. Ен прыходзіць у такім выглядзе, каб мы мелі сьмеласць прыступіць да яго. Бог хоча быць блізка людзей, жыць у іх сэрцах. Нішто не можа аддаліць нас ад яго. Нават прорва нашых грахоў і недасканаласцяў не зачыняе нам доступ да яго міласэрнасці.

Вось Ён, Ісус-дзіцятка, ляжыць у яслях. Мудрацы прыносяць яму дары: золата, ладан і смірну. Ен чакае, што і прынясем яму цэнны дар нашага сэрца як удзячнасьць за яго любоў да нас. Ен цалкам аддаў нам сябе і гэтага ж чакае ад нас. Не хопіць, каб мы адалі яму толькі частку сябе. Гэта было бы вельмі несправядліва і эгаістычна. Ісус вельмі патрабавальны і раўнівы Бог. Ен не пагодзіцца на тое, каб наша сэрца было падзеленае. Яго не задаволіць, калі частка нашага жыцця будзе належаць яму, а частка – сабе або чамусьці створанаму. “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне” (Мц. 6:24).

Вось надыходзіць дзень, калі бэтлеемская зорка паказвае нам шлях да новага жыцця, цалкам адданага Ісусу-дзіцятку. Мы запрошаныя да цёплых, сябоўскіх адносінаў з нашым Богам. Мы можам расказваць яму пра ўсе, што нас турбуе. Мы маем мажлівасць запрасіць яго ў тыя сітуацыі, дзе мы адчуваем сябе няпэўна. Ен абавязкова прыйдзе і будзе з намі ў час нашых цяжкасцяў. Ен падтрымае нас падчас нашых выпрабанняў. Ісус не вызваліць нас цалкам ад складаных сітуацый нашага жыцця, бо “праз многія скрухі належыць нам увайсці ў Царства Божае” (Дз. 14:22). Але ен будзе ўмацоўваць нас, калі мы пагодзімся ва ўсім на яго волю і будзем клікаць яго на дапамогу ў цяжкія хвіліны. У такія моманты нам трэба памятаць словы апостала Паўла: “Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, які не дапусціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэнні дасць і палёгку, каб вы маглі ператрываць” (1 Кар. 10:13).

Аўтар - а. Антон (Нікалаеў), рэдэмптарыст

22.12.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier