Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
3-я нядзеля пасьля Пяцідзесятніцы
Турбавацца пра свабоду (Мц 6, 22-33 / Рым 5, 1-10) Слава Ісусу Хрысту! Дарагія браты и сёстры! Сёньня ў сьвятым Дабравесьці чулі заклік да таго каб не турбавацца пра ежу і піцьцё. Сам Бог за нас патурбуецца. Як часта гэтыя словы выкарыстоўваюцца рознага кшталту сэктамі, якія адбіраюць у чалавека турботу за штодзённы хлеб і разам з гэтым і яго маёмасьць і свабоду душы. Як часта людзі проста абмінаюць гэтыя словы як незразумелыя ў Евангельлі, не прымаюць іх душою і адкідаюць. Бо сапраўды немагчыма каб чалавек жыў на зямлі як расьліна. Ёсьць жа сям’я, дзеці, іншыя абавязкі перад роднымі, якіх немагчыма выканаць не клапоцячыся пра справы матэр’яльныя. Таму і спіхвае часта-густа люд паспаліты евангельскую дасканаласьць на “прафесіяналаў ад Евангельля” – сьвятароў і манахаў. Маўляў, ім дык чаго ж турбавацца?! Калі мы адкінем нешта ў Евангельлі, ці зразумеем мы яго ў поўні? Хрыстос гаварыў свае словы, калі ані сьвятароў, ані манахаў яшчэ не было. Чаму ж Хрыстос нам гаворыць не турбавацца, а Царква заўсёды заахвочвала да беражлівасьці, рацыянальнасьці, практычнасьці і разважлівасьці. Ці няма ў гэтым супярэчнасьці? Ці Евангельле мае супярэчнасьці? НЕ. Не мае. Хоць часам ёсьць дзіўна парадаксальным. Ды гэтыя парадоксы на першы поглад выдаюцца парадоксамі, а на самой справе яны паказваюць самую існасьць, сэнс рэчаў, глыбінную праўду пра якія ведае толькі Бог. Сутнасьць справы патрабаваньня не турбавацца нам дапамогуць ухапіць іншыя словы ў сёньняшнім урыўку Евангельля: “не можаце служыць Богу і мамоне”, а таксама: “шукайце перадусім Валадарства Божага, а рэшта дадасца вам”. Сэнс гэтых словаў у захаваньні чалавечай свабоды! Чалавек быў створаны Богам свабодным дзеля таго, каб ён, створаны добрым, стаў дасканалым у свабоднай, непрымушанай лучнасьці з Богам. Але чалавецтва адкінула калісьці гэты шлях і ўжыла сваю свабоду на злую мэту. Але свабода мае сэнс і выконвае сваё прызначэньне калі ёю не злоўжываюць. У сьвеце скажоным учынкам Адамавага грэхападзеньня цяжка быць праўдзіва свабодным – іншымі словамі шукаць перадусім Валадарства Божага. Не турбавацца – не азначае кінуць працу і пайсьці ў сьвет жабраваць. Не значыць гэта таксама і ня рупіцца пра дабрабыт сям’і. І нават забарону зьбіраць грошы каб купіць нейкую рэч гэта не азначае. Але азначае толькі свабоду нашага сэрца для Валадарства. Каб тое, што мы робім мела перадусім мэту – Валадарства, нават калі гэта штодзённыя турботы пра пражыцьцё. Каб турботы не засьцілі нам вочы на сьвятло Хрыстовае. І няхай нам Бог дапаможа быць праўдзіва свабоднымі! Аўтар - а. Яўген Усошын |
|
30.05.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
