Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Гандляры і пакупнікі  


XIV нядзеля
Мц 22, 1-14

Дарагія браты, дарагія сёстры

1. Сёньня мы пачулі, што Ісус параўновае Валадарства Нябеснае да вясельля. Ды вось толькі нейкае гэтае вясельле (Валадарства Нябеснае) не вясёлае... Цяжка назваць гэту прыповесьць казкай з добрым заканчэньнем, бо шмат чаго тут не падобнае ні на ніводнае вясельле, якое мне давялося бачыць. Мы не даведваемся падрабязнасьцяў пра прыгажосьць нарачонай, таксама прыповесьць маўчыць пра добрыя якасьці ды заслугі жаніха... Нашым духоўным вачам, аднак, аб'яўляюцца досыць падрабязныя вобразы гасьцей.

Гэта людзі заможныя ды нахабныя – яны ня толькі ў вельмі няветлівай форме адмаўляюцца прыйсьці на вясельле, але некаторыя з іх зьневажаюць і забіваюць слугаў цара, які іх на гэтае вясельле запрашае (пар. Мц 22, 6). І вось калі быццам бы ўсё наладзілася і вясельле напоўнілася гасьцямі, цар бачыць сярод прысутных чалавека неўбранага ў вясельную вопратку Уладар патрабуе ад яго тлумачэньняў, а калі той маўчыць, то жорстка яго карае...

2. Дарагія браты Дарагія сёстры Гэтая прыповесьць скіравана да нас, гэта мы запрошаны на вясельле ў Божае Валадаства. Дык пра што тут мова, што трэба ўзяць пад увагу? Што рабіць, а чаго не рабіць? Ці гэта 257-е папярэджаньне: прыходзь на вясельле і прыстойна апранайся. Калі не, то прэч у пекла? О, не, мае дарагія, гэта б было занадта проста. Не пра чалавечыя звычаі распавядае прыповесьць, не пра звычайную ветлівасьць. Давайце пашукаем больш глыбокую мараль.

Евангеліст Мацьвей падсумоўвае так сваю прыповесьць: «Бо многа пакліканых, але мала выбраных» (Мц 22, 14). У апакрыфічным евангельлі паволе Тамы, дзе таксама ёсьць такая прыповесьць, выснова іншая: «Пакупнікі і гандляры ня войдуць у месцы майго айца» (68). Словы апокрыфа не супярэчаць у дадзеным выпадку Евангельлю, але даюць нам ключ да яго разуменьня.

Гэта ня дрэнна – пакупаць і прадаваць. Мы ўсе – і гандляры, і пакупнікі. Але... Мы пакупаем, каб мець і прадаем, каб мець яшчэ болей. У гэтай пагоняй за «мець» мы можам забыць пра мэту свайго жыцьця – Божае Валадарства, да якога ўсе пакліканы. Нават, калі мы нібы памятаем і прыходзім на вясельле, то раптам аказваецца, што мы забыліся, навошта нам гэта патрэбна.

3. Навошта нас кліча Госпад? Ці дзеля таго, каб мы прыйшлі да яго без навяртаньня, ці дзеля «птушкі», адзначыцца толькі, што я ёсьць, прыйшоў? Госпад не ліберал, які кажа, што і так можна, і гэтак пойдзе. Ісус патрабуе ад кожнага з нас канкрэтнага духоўнага і маральнага высілку Яму недастаткова, калі мы скажам: але ж я прыйшошы... але ж я быў у споведзі... але ж я даваў дзесяціну... але ж я ахвяраваў грошы... Мяркую, што Госпад можа адказаць нам так: гэта праўда і ты прыйшоў, але... ты забыў прыхапіць сваё сэрца. Дзе ты пакінуў яго?

А што з нашымі штодзённымі справамі, якім мы аддаем сваё сэрца? Ці яны ня важаць для нас больш, чым тое, што прапануе Госпад? Ці нядзельная дача ня важыць для нас больш, чым нядзельная Боская Літургія? Так лёгка прамяняць Божае Валадарства на рэчы «больш важныя»: на дачу, працу, асабісты камфорт, асабістае жыцьцё, стабільнасьць і «сьвяты супакой»... А я? Ці гатовы я сёньня стаць сапраўдным гандляром і абмяняць сваё сэрца на Божае Валадарства?

Аўтар - а. Андрэй Буйніч

29.08.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier