Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Еднасць у веры і Святых Тайнах  


11 ліпеня 2010 г.

1. Завяршаецца XVI-я штогадовая пілігрымка Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: Віцебск – Полацк 2010. Пілігрымы прайшлі ад месца мучаніцтва святамучаніка Язафата ў Віцебску да Сафійскага сабору ў Полацку, дзе ў 1705 годзе загінулі манахі-базыльяне.
Гэтая пілігрымка адлюстроўвае шлях грэка-каталіцкай Царквы на Беларусі – шлях цярпення, шлях мучаніцтва за Еднасць паміж хрысціянамі. Гэтая Еднасць у жыцці нашай Царквы не абмяжоўвалася толькі словамі, дэкларацыямі, заявамі. Гэта была рэальная еднасць у веры і Святых Тайнах паміж хрысціянамі дзвюх традыцый – усходняй і заходняй.

Хтосьці сёння можа сказаць – я не хачу мучаніцтва. Я хачу росквіту для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй справы. Шматлікія тэорыіі, некаторыя з якіх прэтэндуюць на тое, каб называцца хрысціянскімі, абяцаюць чалавеку супакой, развіццё, жыццё без турбот, багацце і г.д. Дык навошта ж тады гаварыць пра цярпенне, мучаніцтва? Ці Богу патрэбна нас мучыць? Ён жа наш любячы Айцец! Таму, напэўна, Ён нам дасць поспех і росквіт!


2. Пілігрымы прайшлі пад дэвізам “Ісці за Хрыстом – пад покрывам Багародзіцы”, узгадваючы 280-я ўгодкі каранавання папскімі каронамі Жыровіцкай іконы Багародзіцы.
У гэты святочны час трэба каб мы ўбачылі ў Багародзіцы не толькі прыклад матчынай любові, але таксама і прыклад таго, як цярпенне, дзякуючы супрацоўніцтву чалавека з ласкай Божай, прыводзіць да дабра. Бог хоча нам даваць толькі добрае. Але на жаль мы самі Яму ў гэтым перашкаджаем.

У Старым Запавеце мы чытаем гісторыю цара Давіда. Ён быў чалавекам, адданым Богу, і Бог даў яму дзіўнае абяцанне: “І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек перад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна” (2 Цар 7, 16). Але Давід зграшыў, адышоў ад Бога. Таму Бог гаворыць яму: “Не адступіцца меч ад дому твайго навекі, таму што ты занядбаў Мяне” (2 Цар 12, 10).
Прайшлі гады і стагоддзі. Здавалася, прароцтва Божае адышло ў нябыт. Нашачадкі Давіда жылі ў малым гарадку і зараблялі сабе на жыццё цяслярствам. Але вось “у шосты месяц быў пасланы Богам Анёл Габрыэль… да Дзевы, заручанай мужу, які меў імя Язэп, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя” (Лк 1, 26-27). І ў жыцці гэтай дзяўчыны спаўняецца Божае прароцтва адносна Давіда – Яе сын, нашчадак Давіда, будзе валадарыць навекі. Але Ёй самой таксама “душу праб’е меч” (Лк 2, 35). Той меч, які стаўся вынікам граху Давіда…

3. Евангелле няшмат распавядае нам пра Багародзіцу. Мы ведаем толькі, што Яна была жанчынай, якая цярпела.
Цярпела, бо Яе Сын нарадзіўся ў такі незвычайны спосаб, што нават святы Язэп прыйшоў у замяшанне.
Цярпела, бо Ісус хадзіў па гарадах, прапаведаваў, а людзі таілі на Яго злосць.
Цярпела, калі Хрыста ўкрыжоўвалі, калі Ён паміраў.
Па-чалавечы кажучы, Яе лёс быў драматычны.
Але царкоўнае Паданне гаворыць нам, што Бог пасля Ўспення Багародзіцы захаваў Яе цела ад тленнасці.
Яна першая прайшла той шлях, які Бог прыгатаваў кожнаму чалавеку.
Яна ўкаранаваная Валадаркай неба і зямлі.

Ці магла б Багародзіца асягнуць такой славы, калі б пазбягала цярпенняў? Наўрад ці.
Наадварот, Яе цярпенні, Яе ахвяра стала нібы пралогам для ахвяры Хрыста. Але адначасова Яна паставіла сваю ахвяру на службу Богу. Дзякуючы Ёй старажытны праклён цара Давіда стаў блаславеннем для ўсіх людзей.


4. Ці павінны мы сёння шукаць мучаніцтва, шукаць цярпення? Не. Хутчэй цярпенне само нас знойдзе. І сярод розных цярпенняў, я хацеў бы, каб мы звярнулі асаблівую ўвагу на нашыя цярпенні за Царкву. Чаму?
Бо Царква – гэта не чарговая грамадская арганізацыя, якая існуе незалежна ад чыёйсці волі.
Царква – гэта нашыя браты і сёстры, якія знаходзяцца ў патрэбе, матэрыяльнай ці духовай.
Царква – гэта нават няверуючыя людзі, якія ня ведаюць, што Хрыстос быў бы для іх вырашэннем праблемаў.
Царква – гэта святары, жывыя людзі, якія часта памыляюцца, якім не стае сіл, але якія аддалі сваё жыццё на служэнне Богу і людзям.

Цярпенні самі нас знойдуць.
Знойдуць, калі мы з адвагаю возьмемся за ўсялякія заданні, якія стаяць перад намі.
Калі мы пойдзем абвяшчаць Евангелле.
Калі мы пойдзем дапамагаць тым, што ў патрэбе.
Калі мы возьмемся за адбудову нашых храмаў.
Калі мы пачнем маліцца за нашых святароў, парафіі, Бацькаўшчыну.
Памятайма пра прыклад Багародзіцы, якая цярпенні свайго зямнога жыцця замяніла ў блаславенне.
Памятайма таксама, што Яна вядзе нас да Хрыста, які сам пайшоў на дабравольную муку. Амін.

Аўтар - а. Андрэй Крот, Гародня

10.07.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier