Пошук
Нядзельнае казаньне
чацьвер
КРАСАВІКА |
Казаньні і гаміліі Нядзеля Ўсіх Сьвятых Беларускага народу
“Паўтарыць подзьвіг нашых продкаў”. 1. У гэтую нядзелю Царква сьвяткуе асаблівае сьвята – Усіх сьвятых Беларускага народу. У гэты дзень мы ўзгадваем не сьвятых, якія жылі ў даўнія часы ў далёкіх краінах. Мы ўзгадваем тых сьвятых, якія хадзілі па нашай зямлі, па нашых гарадах і вёсках. Некаторыя з іх жылі некалькі стагоддзяў таму, а некаторыя, магчыма, толькі некалькі дзесяцігоддзяў. Гэтыя сьвятыя былі нашымі роднымі, нашымі продкамі. Гэта вялікі гонар, але, адначасова, і вялікі абавязак. 2. Калі мы гаворым пра беларускіх сьвятых, то ўзгадваем абавязкова сьвятую Еўфрасіньню Полацкую – дачку полацкага князя, якая не захацела, як мы сказалі б сёньня, зрабіць кар’еру, а прысьвяціла сваё жыцьцё Богу. Яна пайшла ў манастыр, але пры гэтым не адгарадзілася ад сьвету, а наадварот, актыўна ўплывала на жыцьцё свайго горада і краіны – будавала цэрквы, стварала кнігі, навучала людзей. Падобны шлях быў і ў сьвятога Кірылы Тураўскага. Так, на пачатку свайго жыцьця ён схаваўся ад сьвету ў слупе – невялічкай вежы. Але, напэўна, дзякуючы гэтаму, пасьля пакліканьня на біскупскі пасад змог нашмат больш актыўна ўплываць на сваіх вернікаў, яго казаньні сталіся яшчэ больш пранікнёнымі, а напісаныя ім малітвы – яшчэ больш шчырымі. Сярод беларускіх сьвятых таксама знаходзяцца людзі, які жылі некалькі дзесяцігоддзяў таму. Іх подзьвіг адрозніваўся ад подзьвігу сьвятых Еўфрасіньні і Кірылы. Я хацеў бы ўзгадаць простую жанчыну – Мар’яну Бярнацкую. Яна аддала жыцьцё замест сваёй цяжарнай нявесткі, якую фашысты хацелі расстраляць як закладніцу. Сьвятары Антон Ляшчэвіч і Юры Кашыра пайшлі на сьмерць разам са сваімі парафіянамі з мястэчка Росіца, якіх у 1943 годзе зьнішчылі акупанты. Гэта толькі нешматлікія прыклады з мноства вядомых і невядомых сьвятых, якімі так багатая нашая Беларуская зямля. 3. Напрошваецца пытаньне – што ж такое сьвятасьць? Ці для таго, каб быць сьвятым абавязкова закрывацца ад сьвету, доўгія гадзіны праводзіць на малітвах, пастах, адмаўляць сабе ў розных прыемных рэчах? На прыкладзе ўзгаданых асобаў бачым, што гэта зусім не абавязкова. Сьвяты – гэта чалавек, які займае актыўную жыцьцёвую пазіцыю. Гэта чалавек, які змагаецца са злом не толькі ў сабе, але вакол сябе. Такое змаганьне мае адмысловую тактыку – каб перамагчы зло сьвяты стараецца рабіць як мага больш дабра: дапамагае тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, разьвівае культуру, стараецца ўкараніць хрысьціянскія каштоўнасьці ў жыцьцё народа. Часамі Бог патрабуе ахвяры ўсяго жыцьця. І сьвяты не баіцца гэтую ахвяру прынесьці… Сьвята Ўсіх беларускіх святых, як і Сьвята ўсіх святых, якое яму папярэднічае, ня маюць пастаяннай даты. Іх сьвяткаваньне залежыць ад сьвяткаваньня Вялікадня і сьвята Зыходу Святога Духа. Праз такую повязь Царква хоча нам паказаць, што сьвятасьць – гэта ня толькі маральнасьць ці сацыяльная актыўнасьць. Каб быць сьвятым трэба ня проста рабіць дабро ці ня быць абыякавым да праблемаў грамадства і асобных людзей. Каб быць сьвятым абавязкова трэба мець повязь з Уваскрослым Хрыстом, які вучыць нас, што такое дабро, а што – зло. Трэба кіравацца Духам Сьвятым, які лечыць нашую прыроду, сапсаваную грахом, і дапамагае ў дабры трываць. Менавіта Дух Сьвяты яднае нас усіх – і тых, хто праслаўлены ўжо ў небе, і тых, хто на зямлі імкнецца жыць паводле Евангельля, у адну супольнасьць – Царкву. 4. На пачатку мы сказалі, што быць блізкімі па крыві сьвятым – гэта ня толькі гонар, але і абавязак. У чым гэты абавязак? У тым, каб таксама імкнуцца да сьвятасьці, каб у сваім жыцьці паўтарыць подзьвіг нашых продкаў. Нашая краіна сёньня як ніколі патрабуе сьвятых. Мы жывем у складаную эпоху. З аднаго боку, зьдзейсьнілася мара нашых продкаў – Беларусь атрымала незалежнасьць. З другога боку, не сьціхаюць спрэчкі, па якім шляху нашай краіне разьвівацца, ці нашай краіне ўступіць у Эўрасаюз, ці ў саюз з Расіяй, ці выбраць нейкі трэці шлях. Беларускія сьвятыя паказваюць нам, што Беларусь павінна ўступіць у вельмі важны саюз – саюз з Богам. Менавіта дзякуючы гэтаму саюзу мы сфармаваліся як нацыя, мы заставаліся людзьмі ў найцяжэйшыя часы нашай гісторыі. Толькі Бог паказвае нам сапраўдны шлях разьвіцьця краіны – гэтым шляхам ёсьць Евангельле. Дзеля таго, каб нашая краіна была незалежнай, моцнай, квітнеючай, мы павінны стаць сьвятымі, павінны жыць паводле Слова Ўваскрослага Госпада ў Духу Сьвятым. Амін. Аўтар - а. Андрэй Крот, Горадня |
4.06.2010
|