Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Пасланне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI на Вялікі пост 2008 г
ХРЫСТОС СТАЎ БЕДНЫМ ДЗЕЛЯ ВАС. (пар. 2 Кар 8, 9) Дарагія браты і сёстры! 1. Штогод Вялікі пост становіцца для нас падараванаю Божым Провідам нагодаю больш глыбока спасьцігнуць сэнс і значэньне нашага быцьця хрысьціянамі, а таксама заахвочвае нас нанава адкрыць Божую міласэрнасць, каб, у сваю чаргу, стаць больш міласэрнымі ў адносінах да нашых братоў. У перыяд Вялікага посту Царква клапатліва прапануе асаблівыя заданьні як канкрэтную дапамогу вернікам у гэтым працэсе ўнутранага аднаўленьня, а менавіта малітву, пост і міласьціну. У сёлетнім традыцыйным пасланьні на Вялікі пост я хацеў бы больш падрабязна засяродзіцца на практыцы міласьціны, якая зьяўляецца канкрэтным спосабам дапамогі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, і ў той жа час аскетычным практыкаваньнем з мэтаю вызваліцца ад прывязанасьці да зямных дабротаў. Тое, наколькі моцнаю зьяўляецца прывабнасьць матэрыяльных багацьцяў і наколькі цьвёрдаю павінна быць нашая рашучасьць не абагаўляць іх, адназначна сьцвярджае Ісус: «Ня можаце служыць Богу і мамоне» (Лк 16, 13). Міласьціна дапамагае нам перамагчы гэтую неадступную спакусу і вучыць нас ісьці насустрач патрэбам бліжніх, дзелячыся з іншымі тым, што мы маем дзякуючы Божай шчодрасьці. Для гэтага прызначаныя сьпецыяльныя зборы ахвяраваньняў на карысьць бедных, якія падчас Вялікага посту адбываюцца ў многіх рэгіёнах сьвету. Такім чынам, унутранае ачышчэньне дапаўняецца жэстам царкоўнай еднасьці, як гэта адбывалася ўжо ў раньняй Царкве. Святы Павел гаворыць пра гэта ў сваіх пасланьнях, пішучы пра збор сродкаў для супольнасьці ў Ерусаліме (пар. 2 Кар 8–9; Рым 15, 25–27). 2. Паводле евангельскага вучэньня, мы не гаспадары, а толькі распарадчыкі тых дабротаў, якія маем: такім чынам, іх нельга разглядаць як выключную ўласнасьць, а толькі як сродкі, з дапамогаю якіх Госпад Бог заклікае кожнага з нас стаць прыладаю Ягонага Провіду ў адносінах да бліжняга. Як нагадвае Катэхізіс Каталіцкай Царквы, матэрыяльныя даброты набываюць сацыяльную значнасьць толькі ў адпаведнасьці з прынцыпам іх універсальнага прызначэньня (пар. № 2404). У Евангельлі выразна выказана суровае папярэджаньне Ісуса тым, хто мае зямныя даброты і выкарыстоўвае іх толькі для ўласных патрэбаў. Перад абліччам мноства людзей, пазбаўленых усяго, якія пакутуюць ад голаду, як цяжкі дакор гучаць словы сьвятога Яна: «Калі хтосьці мае дастатак у сьвеце і бачыць брата свайго ў нястачы, і закрывае перад ім сваё сэрца, то як любоў Божая можа быць у ім?» (1 Ян 3, 17). Гэты заклік дзяліцца найбольш вымоўна гучыць у краінах, дзе большасьць насельніцтва складаюць хрысьціяне, таму што яшчэ большая іх адказнаьсць перад мноствам тых, хто пакутуе ў нястачы і пакінутасьці. Прыйсьці ім на дапамогу — гэта ў большай ступені абавязак справядлівасьці, чым справа міласэрнасьці. 3. Евангельле асьвятляе адну з характэрных рысаў, уласьцівых хрысьціянскай міласьціне: яна не павінна быць напаказ. «Няхай ня ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, — кажа Ісус, — каб міласьціна твая была патаемнай» (Мц 6, 3–4). Крыху ж раней ён ужо сказаў пра тое, што нельга хваліцца сваімі добрымі ўчынкамі, каб не трапіць у небясьпеку застацца без узнагароды ў небе (пар. Мц 6, 1–2). Вучань павінен клапаціцца пра тое, каб усё, што ён робіць, было на большую славу Божую. Ісус навучае: «Няхай сьвятло вашае так сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Мц 5, 16). Такім чынам, усё належыць рабіць на славу Божую, а ня дзеля нашай пахвалы. Няхай усьведамленне гэтага, дарагія браты і сёстры, суправаджае кожны жэст дапамогі бліжняму, каб пазьбегнуць яго ператварэньня ў сродак зьвярнуць на сябе ўвагу. Калі робячы добры ўчынак, мы не імкнемся да славы Божай і сапраўднага дабра для нашых братоў, але, хутчэй, клапоцімся пра кампенсацыю ў выглядзе асабістай выгады ці, прынамсі, пахвалы, у такім выпадку мы паступаем насуперак евангельскаму духу. У сучасным грамадзтве іміджу неабходна быць вельмі ўважлівым, таму што гэтая спакуса бясконца вяртаецца. Евангельская міласьціна — гэта не проста філантропія, а хутчэй, канкрэтны выраз міласэрнай любові — багаслоўскай цноты, якая патрабуе ўнутранага навяртаньня да любові Бога і братоў, да наследавання Ісуса Хрыста, які, паміраючы на крыжы, бяз рэшты аддаў сябе за нас. Як жа не ўзьнесьці падзякі Богу за тых многіх людзей, якія ў цішыні, у баку ад праектараў нашага медыя-грамадзтва ў гэтым духу зьдзяйсьняюць высакародныя справы дзеля падтрымкі бедных у патрэбе? Нічога ня варта даваць свае ўласныя даброты іншым, калі ад гэтага сэрца надзімаецца марнаю пахвальбою, таму не шукае чалавечага прызнаньня за зьдзейсненыя справы міласэрнасьці той, хто ведае, што Бог, «які бачыць патаемнае», патаемна яго ўзнагародзіць. 4. Запрашаючы нас да больш шырокага погляду на міласьціну, які выходзіць па-за межы выключна матэрыяльнага, Святое Пісаньне вучыць нас, што больш шчасьця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць (пар. Дз 20, 35). Калі мы дзейнічаем з любоўю, тым самым выяўляем праўду нашага існаваньня, бо мы сапраўды былі створаныя не для саміх сябе, але для Бога і для братоў (пар. 2 Кар 5, 15). Кожны раз, калі мы з любові да Бога дзелімся нашымі дабротамі з бедным чалавекам, які знаходзіцца ў патрэбе, мы адчуваем, што паўната жыцьця паходзіць з любові і ўсё вяртае нам як блаславеньне ў выглядзе супакою, унутранага задавальненьня і радасьці. Нябесны Айцец за нашую міласьціну ўзнагароджвае нас радасьцю. Нават больш за тое: як адзін з духоўных плёнаў міласьціны сьвяты Пётр называе прабачэньне грахоў. «Любоў, — піша ён, — закрывае мноства грахоў» (1 Пт 4, 8). Як часта паўтарае вялікапосная літургія, Бог дорыць нам, грэшнікам, магчымасьць атрымаць прабачэньне. Калі мы дзелімся тым, што маем, з беднымі, гэта рыхтуе нас да прыняцьця гэтага дару. У гэтую хвіліну я думаю пра ўсіх тых, хто ўсьведамляе сабе цяжар учыненага зла і менавіта з гэтай прычыны адчувае сябе аддаленым ад Бога, знаходзіцца ў страху і амаль не бачыць магчымасьці зьвярнуцца да Яго. Міласьціна, зьбліжаючы нас з іншымі людзьмі, зьбліжае нас з Богам і можа стаць прыладаю спраўднага навяртаньня і паяднаньня з Ім і з нашымі братамі. 5. Міласьціна выхоўвае шчодрасьць любові. Сьвяты Джузэпэ Бэнэдэтто Каталенго ня раз паўтараў такую параду: «Ніколі не лічыце манеты, якія даеце, таму што, як я заўсёды кажу, калі, даючы міласьціну, левая рука не павінна ведаць, што робіць правая, таксама і правая не павінна ведаць, што робіць яна сама» (Выказваньні і думкі, Edilibri, № 201). З гэтага пункту гледжаньня вельмі яскравым зьяўляецца ўрывак з Евангельля пра ўдаву, якая ў нястачы сваёй укінула ў скарбонку сьвятыні «увесь пажытак свой» (Мк 12, 44). Яе маленькая і нічога ня вартая лепта становіцца вымоўным знакам: гэтая ўдава дае Богу не са свайго лішку, дае нават не столькі тое, што мае, а тое, чым ёсьць сама. Аддае ўсю сябе. Гэты кранальны эпізод зьяўляецца часткаю апісаньня дзён, якія непасрэдна папярэднічалі пакуце і сьмерці Ісуса, які, як адзначае сьвяты Павел, стаў бедным дзеля нас, каб мы ўзбагаціліся Ягоным убоствам (пар. 2 Кар 8, 9); аддаў усяго сябе за нас. Вялікі пост таксама праз даваньне міласьціны вучыць нас насьледаваць Ягоны прыклад. У яго школе мы можам навучыцца ператвараць сваё жыцьцё ў суцэльны дар; наследуючы Яго, мы становімся здольнымі і гатовымі даць ня толькі нешта з таго, што маем, але саміх сябе. Ці ж не зводзіцца ўсё Евангельле да адзінага Прыказаньня любові? Такім чынам, велікапосная практыка міласьціны становіцца сродкам паглыбленьня нашага хрысьціянскага пакліканьня. Бескарысьліва ахвяруючы сабою, хрысьціянін сьведчыць пра тое, што законы існаваньня залежаць не ад матэрыяльных багацьцяў, а ад любові. Менавіта любоў надае вартасьць міласьціне, натхняючы на розныя формы дароў у адпаведнасьці з магчымасьцямі і становішчам кожнага чалавека. 6. Дарагія браты і сёстры, Вялікі пост запрашае нас да духоўнай «трэніроўкі», у тым ліку і з дапамогаю даваньня міласьціны, каб узрастаць у любові і бачыць у бедных самога Хрыста. У Дзеях Сьвятых Апосталаў апавядаецца пра тое, як апостал Пётр, адказваючы на просьбу кульгавага ад нараджэньня, які прасіў міласьціну каля брамы сьвятыні, сказаў яму: «Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі» (Дз 3, 6). У міласьціне мы даем нешта матэрыяльнае як знак большага дару, які можам перадаць іншым праз абвяшчэньне Хрыста і сьведчанне пра Яго, бо ў Ягоным імені маем сапраўднае жыцьцё. Няхай гэты перыяд будзе адзначаны асабістымі і супольнымі намаганьнямі стаць бліжэй да Хрыста, каб быць сьведкамі Ягонай любові. Марыя, Маці і верная Слуга Госпада, дапамажы вернікам весьці велікапоснае «духоўнае змаганьне» са зброяй малітвы, посту і міласьціны ў руках, каб прыйсці да сьвяткаваньня пасхальных урачыстасьцяў духоўна адноўленымі. З гэтымі пажаданьнямі я шчыра ўдзяляю ўсім Апостальскае Блаславеньне. Ватыкан, 30 кастрычніка 2007 г. Benedictus PP XVI |
1.02.2008
|