Пра Пілігрымку размаўляем з ераманахам Лявонціем-- Пілігрымка - гэта час, калі ў кантэксьце малітвы мы можам задумацца над мінулым і сённьняшнім днём Царквы. Бягучы год багаты на юбілеі, значныя гістарычныя даты, якія адыгралі важную ролю ў жыцьці народа і Царквы. Якія з іх вы, Ойча, хацелі б асабліва адзначыць?Гістарычныя даты, якія мы сёлета сьвяткуем – гэта так званы Полацкі ”сабор” 1839 году, на якім была забароненая Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква ў Беларусі.
Гэтыя ўгодкі зьяўляюцца сумнай датай ня толькі для грэка-католікаў, але і для ўсіх беларусаў, паколькі скасаваньне Ўніяцкай Царквы ў Беларусі сталася адным з этапаў зьнішчэньня беларускай нацыянальнай і культурнай традыцыяў пасьля анэксіі беларускіх земляў Расійскай імперыяй. Зразумела, што мы павінны мець адвагу выказаць словы прабачэньня тым, хто спрычыніўся да гэтай трагедыі ў гісторыі нашага народа. Сёньня, калі хрысьціянскія Цэрквы маюць магчымасьць у новы спосаб будаваць адносіны, лічым важным лекаваньне нашых гістарычных ранаў, каб магчы супольна будаваць хрысьцяінскую будучыню Беларусі.
Іншая важная дата – 70 год стварэньня Беларускага Экзархату на чале з а. Антонам Неманцэвічам SJ. Беларускі Экзархат быў заснаваны ў верасьні 1939 году галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Экзарх Антон Неманцэвіч у складаных умовах ваеннага часу працягваў працу, распачатую ў міжваенны перыяд біскупам Мікалаем Чарнецкім, і скончыў яе мучаніцкай сьмерцю ў сьценах менскай вязьніцы SD.
І хаця пасьля заканчэньня Другой Сусьветнай вайны на тэрыторыі Савецкай Беларусі Грэка-Каталіцкая Царква ня мела магчымасьці афіцыйна існаваць і разьвівацца (за выключэньнем асобных сьвятароў і малых групаў вернікаў), у дыяспары беларускія грэка-католікі змаглі заснаваць некалькі асяродкаў. У момант, калі Беларусь стала зноў свабоднай, гэта дапамагло адраджэньню БГКЦ.
Беларускі Экзарат быў адной са спробаў аднаўленьня кананічнай структуры на Беларусі пасьля Полацкага ”сабору”. Сёньня для ўсіх нашых вернікаў адным з галоўных малітоўных намераў застаецца аднаўленьне поўнай кананічнай структуры БГКЦ. Молімся за гэта, спадзяючыся на малітоўнае заступніцтва блаславёнага Мікалая Чарнецкага, Слугі Божага Андрэя Шаптыцкага і Экзарха Антона Неманцэвіча.
-- Вы акрэсьлілі гістарычныя крыніцы душпастырскай дзейнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Думаю, што Вы згодзіцеся, што нашая пілігрымка – яскравае сьведчаньне пераемнасьці традыцыяў, закладзеных нашымі папярэднікамі. Як бачыцца яна для Вас з перспектывы ўжо шматгадовага яе існаваньня і якая яе роля для сучаснай БГКЦ.Сярод гэтых гістарычных датаў мы таксама сьвяткуем іншую важную падзею ўжо для сучаснай БГКЦ. Сёлетняя пілігрымка Віцебск-Полацак ёсьць юбілейнай, 15-ай.
Яна распачалася ў 1995 годзе намаганьнямі манахаў Полацкага Барысаглебскага манастыра, і з цягам часу з мясцовай душпастырскай ініцыятывы перарасла ў агульнацаркоўную пілігрымку БГКЦ. Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што для многіх яна стала месцам першага досьведу веры, жыцьця ў супольнасьці і адкрыцьця ўласнага пакліканьня. Штогод у ёй таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі іншых Беларускіх Цэркваў і госьці з-за мяжы.
Сёлета, калі ў Каталіцкай Царкве сьвяткуецца Год Сьвятарства, уласна пілігрымка дае нам магчымасьць ацаніць важнасьць для Царквы ”службовага” сьвятарства. Адначасова, яна немагчымая без чыннага ўдзелу сьвецкіх вернікаў, і нагадвае ўсім нам пра агульнае пакліканьне да ”царскага сьвятарства” і пра важнасьць служэньня і адказнасьці ў Царкве для кожнага хрысьціяніна.