Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
Сьвята Божага Нараджэньня: усе менскія грэка-каталіцкія парафіі сьвяткуюць разам з Апостальскім Нунцыям
Ноч Божага Нараджэння вернікі ўсіх грэка-каталіцкіх парафіяў г. Менска маліліся разам у касьцёле сьвятых Сымона і Алены. Сьвяточную Боскую Літургію ўзначалілі Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Марцін Відавіч разам з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем (Гаекам). З імі таксама саслужылі душпастыры менскіх грэка-каталіцкіх парафіяў: сьвятары Андрэй Абламейка, Казімір Ляховіч, Андрэй Буйніч і Яўген Усошын, а таксама пробашч касьцёла сьвв. Сымона і Алены Ўладыслаў Завальнюк. У багаслужэньні ўдзельнічалі таксама вернікі з навакольляў Менска: Мар’інай Горкі, Жодзіна, Барысава ды іншых. Сумесны сьпеў вернікаў узначалілі хоры парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі і парафіі Праведнага Язэпа ў Менску. У кароткім казаньні Архімандрыт Сяргей зазначыў, што прысутнасьць Апостальскага Нунцыя на сьвяточнай службе сярод грэка-католікаў стала яскравым сьведчаньнем паўсюднасьці Каталіцкай Царквы, часткай якой зьяўляюцца вернікі візантыйскага абраду. Архімандрыт звярнуў таксама ўвагу вернікаў, што сьвята Раства Хрыстовага, калі віншуем адзін аднаго, гэта добры час, каб маліцца за Беларусь. Такая малітва ёсьць выклікам і заданьнем для ўсіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. На заканчэньне Боскай Літургіі Апостальскі Нунцый зьвярнуўся да вернікаў са словамі віншаваньняў і перадаў прысутным Прывітаньне і Блаславеньне Сьвятога Айца Бенядыкта XVI, як выраз малітоўнай блізкасьці Папы і ўмацаваньня ў каталіцкай веры. |
26.12.2007
|