Пошук
Нядзельнае казаньне
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ |
”Малітва была не толькі словамі”
11 траўня нашая парафія сьвяткавала Зыход Сьвятога Духа. У рамках сьвята была зарганізавана праграма чуваньня. Яно распачалося сьвяточнай Боскай Літургіяй, якой прадстаяў а. Андрэй Буйніч. Сьпяваў хор ”Прасфара”. Акрамя парафіянаў у чуваньнях узялі ўдзел панамары Алтаранага брацтва, якія забяспечылі літургічную паслугу. І хор, і панамары прычыніліся да стварэньня малітоўнай атмасферы. Пасьля літургіі да парафіянаў і гасьцей сьвята прамовіў а. Андрэй Сідаровіч, склаўшы ўласнае сьведчаньне веры, пакліканьня, дзеяньня Сьвятога Духа ў ягоным жыцьці. ”Можа думаеце, што да вас прыйшоў прамаўляць спецыяліст па Сьвятому Духу? Не, але кажу вам, што кожны з нас павінен быць спецыялістам па Сьвятому Духу” – так распачаў сваю канферэнцыю а. Андрэй Сідаровіч. Напрыканцы канферэнцыі адбылася малітва праслаўленьня. Гэта малітва была спантанная і спалучаная са сьпевам пад гітару. Вялі малітву абодва сьвятара, якія таксама памаліліся асабіста за кожнага прысутнага і кожнага блаславілі. Далей быў перапынак на гарбату і сяброўскую размову. Праграма скончылася Вячэрняй Панядзелка Сьвятога Духа, але і пасля яе для ўдзельнікаў была магчымасьць пабыць у цішы, молячыся ісусавай малітвай. Вось некалькі слоў удзельніцы Каці пра сьвяткаваньне: ”Гэта была малітва, якая не была абмежаваная толькі словамі... Перажываньне ўсяго вечара можна звесьці да адной фразы: мы клікалі Духа Сьвятога, і Ён быў з намі... І калі мы сьпявалі, і падчас невялікай агапы, і на Вячэрні. Ад гэтага было цяжка і лёгка адначасова. Чамусьці ў пэўны момант нагадалася старая прыповесьць пра сьляды на пяску. Пра тое, што Бог часам нясе чалавека на руках. Асабліва ў тыя моманты, калі чалавеку найцяжэй… Сьвята было сапраўдным . Малітва была не толькі словамі. І таму Бог, Сьвяты Дух – ён быў з намі, проста і насамрэч.” |
11.05.2008
|