Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Хто такі грэшнік?
Лк. 18. 10-14 Дарагія браты і сёстры! У сёньняшнім Евангельлі перад намі паўстае дзьве постаці: фарысэй і мытнік. Першы – фарысэй – чалавек пабожны. Ён замест таго, каб пасьціцца толькі раз у год у сьвята ачышчэньня, як загадваў Закон (пар. Ляв. 16.29), падобна іншым пабожным юдэям, пасьціўся ажно два разы на тыдзень. Таксама замест таго, каб даваць на патрэбы храма дзесяціну толькі ад прыбытку ад статку або пладоў, дае дзесяціну ад усяго, што атрымлівае. “Пашчуся два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што набываю” (Лк 18.12). Фарысэй дзякуе Богу за тое, што ён такі добры, што ён не такі, як шмат іншых людзей, якія грашаць. З іншага боку мы бачым мытніка, супрацоўніка паганскай захопніцкай улады. Стоячы ў храме, ён думаў толькі пра сябе, ні з кім сябе не параўноўваў і нічым сябе не апраўдваў. Ён толькі маліўся, каб Бог яго, грэшніка, памілаваў. Выснова з прыповесьці можа здавацца нам не зусім лагічнай: Хрыстос кажа вучням, што акурат мытнік пайшоў да дому апраўданым болей, чымсьці фарысэй, нягледзячы на ўсе ягоныя заслугі. Дарагія браты і сёстры! Сёньняшні ўрывак наказвае нам задумацца над тым, што значыць быць грэшнікам. Задай сабе самому пытаньне: хто такі грэшнік? Калі ты лічыш, што грэшнік – гэта чалавек, які грашыць, то можаш павіншаваць сябе. Ты – фарысэй! Ты думаеш таксама, як думаў фарысэй у сёньняшняй прыповесьці. На самай справе, перад Богам грэшнік – гэта той, хто народжаны ад Адама і Эвы. Грэшнік гэта ты, гэта кожны з нас, “бо няма чалавека, які б не зграшыў” (2 Пар. 6.36). Усе людзі – грэшнікі, але толькі адны гэта разумеюць і патрабуюць збаўленьня Божага, а іншыя не. Аўтар - Айцец Аляксандр Шыбека |
|
31.01.2009
|






Сёньняшняе чытаньне:
