Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Цана пакаяньня!  


Мк. 1,1-8

Дарагія браты і сёстры!

Сёньняшні евангельскі ўрывак паказвае нам вобраз Яна Хрысьціцеля, Прадвесьніка Божага. Перад намі паўстае чалавек, які дабраахвотна адмаўляецца ад камфортнага жыцьця, ад зручнасьцяў цывілізаванага сьвету, каб жыць у пустынным месцы і сьведчыць аб прыходзе Месіі. Вопратку Ян Хрысьціцель мае з вярблюжага воласу, якая адрознівалася грубасьцю. Сваёй ежай ён мае саранчу і мёд дзікіх пчолаў. Ежу, на якую ўсе глядзелі з пагардай, і ўжывалі яе адно найбяднешыя людзі. Перад намі паўстае чалавек, які заклікае да пакаяньня і робіць гэта ня толькі словамі, але і ўсім сваім жыцьцём.

Часам мы шукаем Бога і не знаходзім, чытаем мудрыя кнігі, робім духоўныя практыкаваньні, але не атрымліваем таго, што чакаем. Чаму ж так ёсьць? Можа, проста немагчыма сустрэць Бога, не сустрэўшы Яго Прадвесьніка, які заклікае да пакаяньня. Можа, мы хочам здабыць вялікі скарб, не заплаціўшы нічога, хочам мець усё, не ахвяруючы нічога ўзамен. Напэўна, спачатку трэба знайсьці адвагу, каб пакінуць усё, што мне так падабаецца, ад чаго я так залежу і пайсьці… Пайсьці на пустыню і даверыцца цалкам Богу, жыць з таго, што Ён міласьціва пашле. Спачатку трэба скінуць з свайго сэрца пурпуровыя мяккія вопраткі зручнасьцяў, да якіх я так прывык, і апрануць простыя, грубыя. Спачатку трэба захацець прыняць тое, ад чаго іншыя адмаўляюцца і на што глядзяць з пагардай.

Наша сустрэча з Хрыстом ня можа адбыцца без пакаяньня. Пакаяньне – пачатак нашага духоўнага ўзрастаньня і жыцьця з Богам. Пакаяньне – каштоўны скарб, праз які мы знаходзім самога Бога. Але гэта скарб таксама мае сваю цану.

Аўтар - Айцец Аляксандр Шыбека

3.01.2009

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier