Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Служыцель  


Служыцель
Вось чаго я ніколі сабе ўявіць ня мог, дык гэта таго, што жвавага, з жывымі, быстрымі вачыма, не пазбаўленага артыстычных здольнасьцяў рагатуна празь нейкі час буду называць бацюшкам.

А ён нейк хутка – ці не пад уплывам свайго большага брата Сяргея? – стаў царкоўным чалавекам.

У 1990 годзе на Бацькаўшчыне толькі-толькі пачала адраджацца Унія, а ўжо ў 1991 годзе прэфэкт Кангрэгацыі ўсходніх цэркваў паківаў беларусам і ўкраінцам пальцам: каб больш такога не было. Гэта значыць, каб не высьвячалі на дыяканаў надта маладых людзей. Бо і праўда, у траўні 1991-га, калі яго высьвяціў біскуп Сафрон Дмытэрка, дыякан грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога і Праведнага Язэпа ў Менску толькі што ўступіў у дваццаць другі год жыцьця.

У пробашча парафіі, айца Яна Матусевіча, зьявіўся памочнік і, як стала вядома пазьней, пераемнік.

За што я люблю наш бізантыйскі абрад, дык і за тое, што ў ім ёсць дыякан, які пачынае службу словамі “Блаславі, уладыка”, дапамагае сьвятару і пры патрэбе кіруе сьпевам, і тады парафіяне сьпяваюць упэўненей, дружней. А малады дыякан Андрэй і слыхам надзелены, і галасісты ён удаўся. Да таго ж усьмешлівы.

Ён і зараз – ужо мужчына сталага веку, бацька траіх дзяцей – усьмешлівы і любіць пажартаваць. Магчыма, за гэта яго любяць дзеці парафіянаў.

Ужо даўнавата іярэй, ужо нават протапрэзьбітэр, дэкан грэка-каталіцкіх парафіяў у Менску, Менскай, Берасьцейскай і Гродзенскай абласьцях, ён у душы застаецца тым маладым дыяканам. І калі сьпеў парафіянаў бывае ня надта стройны і дружны, з алтара падае свой голас бацюшка, і ўсё наладжваецца як трэба.

Калі згадаць, што дыякан (διάκονος) – гэта слуга, служыцель, дык гэтае слова, гэтае званьне стасуецца, бадай, да кожнага сьвятара, бо хто такі сьвятар, калі не слуга Божы і не слуга слугаў Божых?

Такім слугой зьяўляецца, па-мойму, і айцец Андрэй Абламейка. 16 сьнежня споўніцца 10 год з таго часу, як мітрапаліт Іван Мартыняк высьвяціў яго на сьвятара. У гэты дзень ён будзе, як заўсёды, служыць.

Анатоль Сідарэвіч

15.12.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier