Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Самадастатковасьць, эгаізм і абыякавасьць
Дарагія браты! Дарагія сёстры! 1.Тэма запрашэньня, пакліканьня часта сустракаецца ў Сьвятым Пісаньні. Госпад нас кліча ісьці за Ім, а каб патлумачыць, чым ёсьць Ягонае запрашэньне, распавядае прыповесьць, якую мы толькі што чулі. Зьмест прыповесьці досыць зразумелы: ёсьць Гаспадар і ёсьць запрошаныя на яго банкет госьці. Госьці не адказваюць на запрашэньне, Гаспадар жа частуе сьвяточнымі стравамі “убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых” (Лк 14.21б). 2.Дзе ж тут праблема? Ці ж гэта не самая звычайная справа: адзін запрасіў, другі адмовіўся? Чым жа госьці выклікалі незадавальненьне Гаспадара, які нібы падсумоўвае прыповесьць наступнымі словамі: “Ніхто з тых, што былі запрошаны, не пакаштуюць маёй вячэры!” (Лк 14.24)? Каб адказаць на гэтыя пытаньні, давайце прыгледземся бліжэй да запрошаных. Кожны з іх мае сваю асабістую прычыну, каб не наведаць вечарыну, аднак ёсьць таксама нешта, што гэтыя ўсе адмовы аб’ядноўвае... Адказ першага – “я купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе” – відавочна ілжывы. (Перад пакупкай зямлі пакупнік – згодна са звычаем – заўсёды аглядаў зямлю). Адказ другога – “я купіў пяць валоў і іду пробаваць іх” – абразьлівы, бо ставіць Гаспадара і валоў на адзін узровень, а нават апошніх і вышэй. Адказ трэцяга – “я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці” – ставіць Гаспадара ў няёмкае становішча. Усе тры адказы адрозьніваюцца нахабствам, хворым эгаізмам і абыякавасьцю на памежжы з глупствам. Ніхто з запрошаных не клапоціцца, каб іх адказ быў хаця б трошку праўдападобным, што гаворыць або аб іх самаўпэўненасьці і ўласнай дурасьці, ці таксама што яны цалкам не лічацца з асобай Гаспадара і маюць яго за дурня, а можа і наўмысна хочуць яго абразіць. Гэткім чынам бачым, што праблема, канфлікт у прыповесьці ёсьць: самадастатковасьць, эгаізм і абыякавасьць. Гэта тры сапраўдныя прычыны, якія перашкодзілі гасьцям прыйсьці на вечарыну Гаспадара. 3.Менавіта гэтыя тры заганы перашкаджаюць і нам адказаць на запрашэньне Бога. Бог хоча, каб мы пабачылі сваю недастатковасьць, бо толькі Богу нічога не бракуе. Ён хоча, каб мы пабачылі свой эгаізм і зразумелі, што Бог варты Любові. Госпад хоча, каб мы перасталі быць абыякавымі, бо толькі так мы зможам атрымаць тое, што Ён прагне нам даць. Хай гэты час посту перад Божым Нараджэньнем будзе часм нашага адказу на Божае запрашэньне на Ягоную вячэру. Аўтар - Айцец Андрэй Буйніч |
|
13.12.2008
|






Сёньняшняе чытаньне:
