Пошук
Нядзельнае казаньне
серада
КРАСАВІКА |
Казаньні і гаміліі Сьлепата
Дарагія браты! Дарагія сёстры! Мы толькі што пачулі пра сьляпога, якому Ісус вярнуў зрок. Калі мы будзем дасьледаваць вобраз сьлепаты ў Сьвятым Пісаньні, то пабачым, што яна – сьлепата – зьяўляецца страшным сімвалам безнадзейнасьці і адчаю; сінонімам слабасьці і бездапаможнасьці. Сьлепата зьяўляецца ў Бібліі і ў пераносным сэнсе і азначае тады нячуласьць да праўды, страту духоўных арыентыраў. Евангеліст Лука невыпадкова зьмяшчае гісторыю пра сьляпога адразу пасьля апавяданьня пра вучняў Ісуса. Вучні дарма слухалі Настаўніка пра тое, што Ён ідзе ў Ерусалім, каб памерці: “Яны нічога з гэтага не зразумелі “ (Лк 18.34а). Вось жа, адразу пасьля гэтых слоў і пачынаецца аповяд пра сьляпога. Лука супрацьстаўляе духоўную “сьлепату” вучняў і духоўнае “бачаньне” сьляпога. Што ж, запытаеце, пабачыў сьляпы? Вось ягоныя словы: “Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною!” Сьляпы “пабачыў” у Ісусе Сына Давіда, г. зн. Месію – Чалавека, які спаўняе місію Бога. Аднак, якім чынам ён змог пабачыць тое, штодля шматлікіх было прыхавана? Ці ж гэта адчай, безнадзейнасьць і роспач далі яму столькі моцы, каб гучна крычаць і не зьвяртаць увагі на тых, хто змушаў яго змоўкнуць?! Не. Гэта не магла быць роспач. Роспач паралізуе чалавека, прыціскае яго цяжкім каменем... Гэта быў крык паляўнічага, што доўга чакаў у сховішчы на зьвера, і вось ён зьявіўся на момант і гэтага моманту нельга змарнаваць! Сьляпы быў паляўнічым. Ён жыў надзеяй паляўнічага. Ён паляваў на зьмілаваньне Бога. У нашым духоўным жыцьіці, у нашай малітве трэба стацца сьляпым з-пад Ерыхону. Сьлепата можа стацца прагай. Калі твае вочы ня бачаць, то абуджаецца “ўнутранае бачаньне”, абвастраюцца ўнутраныя пачуцьці... Без чаканьня ў “схованцы” свайго сэрца не бывае малітвы... І вось калі ты пачуеш ціхія крокі – крычы! Гэта Ён – Сын Чалавечы, твой Збаўца, што праходзіць побач. Не змарнуй момант – ты “палюеш” на Бога. Амін. Аўтар - Айцец Андрэй Буйніч. |
7.12.2008
|