Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі НЯДЗЕЛЯ АЙЦОЎ І СУСЬВЕТНАГА САБОРУ  


Быць пераможцам няпраўды


Сёньня сьвяткуецца Усяленскай Царквою памяць айцоў першага Усяленскага Сабору. Гэты сабор быў скліканы ў той час, калі Царква находзілася ў найнебяспечнейшым становішчы. Пасьля афіцыйнага вызнаньня яе у талеранцыйным Міланскім эдыкце, царкве пачала пагражаць яшчэ большая небясьпека – скажэньне, калечаньне яе веры.

Царква перыяду мучаніцтва была перасьледаваная, пагарджаная ўладарамі, але жывая і пераможная. Вера, яе сэнс – збаўленьне роду людзкога Ісусам Богам і Чалавекам – падымала да духоўнага змаганьня шэрагі мучанікаў. Яны выбіралі сьмерць, не хочучы адрачыся ад збаўленчай праўды.

І вось, калі перасьлед хрысьціянаў перастаў. Ніхто ўжо не йшоў у цырк, на вогнішча, пад меч каб аддаць сваё жыцьцё. Але пачаўся разлом унутраны. Арыяне скаламуцілі чыстае вучэньне Царквы -- Чалавецтва не збаўленае, бо Бог не стаў чалавекам, Тое, за што ішлі мучанікі на сьмерць сталася нічым.

Сусьветны сабор, на якім было засуджана арыянства быў адзіным магчымым адказам Царквы на гэты выклік. Супольна, усімі аўтарытэтамі Царквы назваць няпарўду – напраўдай, фальш – фальшам, зло злом. Арыянства не было пераможанае мячом, ані ўмяшальніцтвам цывільных уладаў, якія часта самі былі праарыянскімі. Арыянства было пераможанае толькі сілай праўды – наймагутнейшай сілай, якую мае Царква, дзякуючы якой яна здолела захавацца і дачакацца свайго трыумфу ў тыя часы. Таму хрысьціяне не сьвяткуюць гадавін Міланскага эдыкта, які не прынёс нічога новага ва ўнутранае жыцьцё Царквы. Хрысьціяне сьвяткуюць перамогу праўды – памяць айцоў Першага Сабору.

Сёньнешнія часы таксама поўныя небяспекі выбраць няпраўду. Ці з-за ўласнай духоўнай ляноты, ці дзеля кампрамісаў з гэтым сьветам. Нас пасьля камуністычных часоў зноў ніхто не перасьледуе. Нас не гоняць. Але сьвет гэты прапануе часам забыцца праўдзівы сэнс такіх паняцьцяў як сям'я, посьпех, вера, каханьне, дружба, свабода і, нават, жыцьцё і сьмерць. Забыцьцё сапраўднага сэнсу гэтых чалавечых паняцьцяў прычыніцца да вялікага зла, якое можна параўнаць як раз з тым, даўнім, арыянскім злом. Як члены Царквы пільна сьцеражэмся каб у сваім жыцьці выяўляць праўдзівы сэнс гэтых паняцьцяў. Каб не даць магчымасьці папракнуць нас у двудушшы. Бо толькі вызнаючы цэлым сэрцам праўду можам быць упэўненыя што будзем заўсёды на баку Вялікага Пераможцы над няпраўдай – Хрыста.

Аўтар - а. Яўген Усошын

23.05.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier