Пошук
Нядзельнае казаньне
субота
САКАВІКА |
Казаньні і гаміліі
Прыказаньні
У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа. Сёньня мы чуем у Евангельлі пытаньне, якое ставіць сабе кожны вучань Хрыстовы: “Што мне рабіць, каб насьледаваць Жыцьцё?” Нам здаецца, што нашае жыцьцё “будзённае” і нецікавае, і што, каб увайсьці ў Валадарства, патрэбныя вялікія таямнічыя веды ці нейкія гераічныя ўчынкі. Хрыстос нечакана кажа пра звычайныя для габрэя рэчы – выкананьне прыказаньняў Закону. Мы разгубленыя – і ўсё? Не, але калі мы няверныя ў малым, то хто нам даверыць большае. Дарэчы, гэтыя “банальныя” прыказаньні ня так ужо і лёгка выканаць, калі глядзець на іх шырокім духоўным вокам (напрыклад, вельмі лёгка самому не красьці, але штурхаць да гэтага іншых, набываючы ў іх крадзенае). Увогуле, цалкам выканаць Закон мы можам толькі “у Хрысьце”. Таму Ісус дае магчымасьць багатаму юнаку паглядзець на сябе збоку – наколькі ён выканаў прыказаньні: “Раздай багацьце і хадзі за Мною”. У кожнага з нас ёсьць сваеасаблівае багацьце, якое мы баімся згубіць, і якое, як той залішні цяжар для паветранага шару, перашкаджае нам узьняцца да Неба. Часта мы самі сабе баімся прызнацца ў тым, што нейкія рэчы ці асобы нам даражэй за Бога. Вось тут і месца для хрысьціянскага подзьвігу – шчыра пазбаўляцца таго, што не дае праявіцца ўва мне Хрысту. Прыказаньні Дэкалогу кажуць у сваёй сукупнасьці пра тое, што ЎСЁ нашае жыцьцё павінна перамяніцца, што ў ім не павінна быць цёмных куткоў. Яны канкрэтызуюць нейкую сферу адносінаў з Богам і бліжнім, каб нам не патануць у прыгожых абстракцыях на словах, а не ў справах. Хто называе прыказаньні прымітывам, той проста падманвае сам сябе і іншых і, хутчэй за ўсё, сам іх не выконвае. Прыказаньні Божыя і царкоўныя былі і застаюцца нязьменнымі арыентырамі на шляху за Тым, хто ёсьць Праўдай. Карыстаючыся імі, ніколі ня збочым у пустаслоўе і ня згубімся (пар. 1Цім. 1, 6-8). Амін. Аўтар - Айцец Васіль Ягораў. |
30.11.2008
|