Пошук

Каляндар

 

Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!  


Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!26 кастрычніка падчас Сустрэчы моладзі Пінскай дыяцэзіі, якая праходзіла ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце ў рамках святкавання галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, святую Імшу ўзначаліў і гамілію прамовіў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.


У пачатку гаміліі кардынал сардэчна прывітаў біскупа Антонія Дзям’янку, які, па словах ватыканскага іерарха, «з’яўляецца айцом для ўсіх нас і ў сваім сэрцы перажывае з вялікай радасцю гэты юбілей Пінскай дыяцэзіі». Прамоўца выказаў падзяку сённяшняму ардынарыю і ўсім біскупам, якія былі яго папярэднікамі на гэтай пасадзе, за росквіт і развіццё даручанай ім касцёльнай адзінкі.

 

Затым словы прывітання прагучалі ў адрас прадстаўніка Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа і знайшлі водгук у гарачых апладысментах прысутных. Кардынал пажартаваў, што нунцый паходзіць з Сіцыліі, і, пакуль ён тут, «вам наканаваныя лімоны і апельсіны».

 

Цёплыя вітанні папскі пасланнік скіраваў таксама арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, Старшыні ККББ, пажартаваўшы, што «немалы рост Мітрапаліта запэўнівае нас, што мы пад надзейнай аховай».

 

Прамоўца сардэчна прывітаў таксама арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які адкрыў гэты касцёл і распачаў у ім набажэнствы, за што, па словах іерарха, варта паставіць помнік, але «пакуль што без німба».

 

Не абмінуў увагай прадстаўнік Святога Пасаду і самага маладога дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі ― Андрэя Зноску, і адначасова біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца. Кардынал адзначыў, што біскуп Казімір добра вядомы брэсцкім парафіянам, бо ў свой час выконваў абавязкі адміністратара парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Ведаючы схільнасць біскупа эмэрыта цытаваць рускую літаратуру, папскі прадстаўнік пажартаваў, што «з таго часу ўсе добра вывучылі не толькі Евангелле, але і творы пісьменніка Дастаеўскага».

 

Сардэчныя вітанні прагучалі ў адрас прадстаўніка беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека. Кардынал Гуджэроці падкрэсліў, што для грэка-католікаў Брэст ― горад, які мае асаблівае значэнне.

 

Не забыўся пасланнік Святога Айца пра «братоў праваслаўных, якія <...> заўсёды ў нашых сэрцах і нашых душах». Таксама прывітальнае слова прагучала ў бок дзяржаўных уладаў горада і вобласці, якія, на думку ватыканскага іерарха, «могуць ганарыцца такой прыгожай і багатай супольнасцю».

 

Пасля дастойны госць прызнаўся, што букет валошкаў, які атрымаў падчас працэсіі ў падарунак, усклаў на алтар.


«Гэтыя кветкі ўвасабляюць усіх беларусаў. Прыемна думаць, што вы ўсе ўскладзеныя на алтар на хвалу і пашану Найсвяцейшай Тройцы. Вы прыгожыя, як гэтыя кветкі»,

― падзяліўся кардынал Гуджэроці, чым выклікаў хвалю воплескаў. ― І яшчэ вы вельмі цярплівыя, бо вытрымалі ўсе гэтыя прывітанні: так, у Беларусі прынята на пачатку гаміліі ўсіх вітаць».

 

На такой узнёслай і жартаўлівай ноце спецыяльны прадстаўнік Папы перайшоў да другой часткі гаміліі.

 

«Бог ніколі не пакідае таго, хто пакінуты. Ён заўсёды прысутны. Ён абараняе бедных і тых, хто на перыферыі. І гэта не толькі пра тых, хто знаходзіцца на ўзбоччы соцыуму, але перадусім пра тых, хто адчувае сябе аддаленым ад сябе самога і ад іншых людзей», ― пачаў з пабадзёрвання іерарх.

 

«Моладзі хачу сказаць нешта асаблівае: часам у беларускім характары прысутнічае недастатковая павага да саміх сябе. Няма народаў другога гатунку! Вы няшмат гаворыце, але гэта не значыць, што вы мала думаеце, ― наадварот, гэта значыць, што вы больш мудрыя за тых, хто шмат гаворыць, а мала думае. Вашае маўклівае сэрца “расце” ад гэтых нявыказаных пачуццяў», ― прагучала з вуснаў добрага знаўцы беларускага менталітэту.

 

«У другім чытанні мы пачулі пасланне апостала Паўла, напісанае ім у вязніцы. Неўзабаве пасля гэтага ён быў забіты ў Рыме ― горадзе, адкуль я прыбыў да вас і дзе знаходзіцца Пасад наступніка апостала Пятра. Апостал Павел кажа, што яму ў гэтым зняволенні ніхто не дапамог, а да гэтага супраць яго быў фальшывы судовы працэс. Але для яго гэта няважна, бо побач з ім быў Бог. А потым гучаць словы, што сапраўды ўражваюць: “У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў (2 Цім 4,7). Колькі ж вашых мучанікаў паўтарылі гэтыя словы!», ― эмацыйна заўважыў кардынал і прыгадаў жорсткі час пераследу рэлігіі падчас камуністычнага рэжыму ў Беларусі.

 

«Усе тыя, хто знаходзіцца ў небяспецы, ведаюць, што атрымаюць “вянок справядлівасці”, пра які кажа апостал (2 Цім 4,8), калі яны вераць Богу. І гэта не проста прыгожыя словы ці жарт ― гэта хрысціянская надзея аж да апошняга ўздыху, што Бог мяне не пакіне»,

― запэўніў прамоўца.

 

Паводле папскага пасланніка, вымоўную сітуацыю апісвае таксама Евангелле дня: крывадушная малітва таго, хто дакладна выконвае Закон, і пакорная малітва таго, хто не мае смеласці нават падняць вочы да Бога з-за свае грэшнасці.

 

«Для Езуса відавочна, хто вернецца дадому апраўданы. Нехта і з нас можа гэтак жа, як і фарысей, сказаць пра сябе толькі станоўчае, не разумеючы, як смешна ён выглядае ў вачах іншых. Могуць так сказаць пра сябе і розныя хрысціянскія супольнасці і з пыхаю замкнуцца ў саміх сабе замест таго, каб аб’яднацца разам для супольнага дабра і справядлівасці», ― канстатаваў прадстаўнік Папы.

 

Кардынал адзначыў, што для многіх сапраўдная спакуса і згаршэнне, што Цела Хрыста падзеленае на некалькі частак і засяродзіўся на сутнасці хрысціянскага сведчання.


«Для ўсіх важнае адно: узняць вочы да неба і сказаць “Пане, змілуйся над намі”, таму што свет глядзіць на нас. Якое сведчанне мы даём, калі кожны з нас будзе служыць той ці іншай уладзе? Свет проста не прыме і не зразумее пасланне Евангелля. Як гэта будзе выглядаць, калі католікі пойдуць направа, а некатолікі налева, як быццам ёсць два розныя Езусы? Езус адзін. І ўсе мы будзем даваць Яму адказ за нашу веру і адпаведнасць гэтай веры. І ведаеце, за што Пан будзе нас судзіць? Ці спыніліся мы, як добры самаранін, дапамагчы чалавеку, што ляжаў на ўзбочыне дарогі! Гэта датычыць і нашай Беларусі, дзе шмат людзей ляжаць параненыя на гэтай узбочыне. Той, хто падорыць ім сваю дабрыню і сэрца, атрымае Божае благаслаўленне», ― навучаў арцыпастыр.

 

Напрыканцы пасланнік Святога Айца падзякаваў прысутным за тое, што яны такія, якія ёсць, і абяцаў перадаць, наколькі гэта магчыма, гэтае адчуванне сапраўднасці наступніку святога Пятра.

 

«Я зайздрошчу сённяшняму нунцыю, што ён і далей зможа бачыць гэтыя вочы, гэтыя твары беларусаў. Я бачыў іх на працягу чатырох гадоў і вярнуўся дадому задаволены, але з пачуццём настальгіі. Няхай Пан Бог, якому я вас даручаю, вамі апякуецца, вас благаслаўляе і дае вам сілу жыць у надзеі.

 

На заканчэнне я ўдзялю вам благаслаўленне Папы Льва XIV. Занясіце гэтае благаслаўленне ўсім! Не кладзіце сабе яго ў кішэню, але падзяліцеся з усімі ў гэтым горадзе, хто чакае падтрымкі і суцяшэння. І з усёй краінай, якая не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай, усімі забытай. Бог любіць усіх. І Ён жадае, каб усе жылі ў радасці і ў шчасці сваёй штодзённасці. І гэтае пажаданне сыходзіць да вас ад католікаў усяго свету. Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!


Найлепшыя пажаданні, віншаванні! Маліцеся за Папу і за мір і згоду ва ўсім свеце», ― падсумаваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці.

 

Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!Кардынал Гуджэроці ў гаміліі падчас Імшы для моладзі ў Брэсце: Нас адзін мільярд чатырыста мільёнаў чалавек!

 

Паводле Catholic.by


29.10.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier