Леў XIV скіраваў ліст кардыналу Клаўдыё Гуджэроці, прэфекту Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, якога прызначыў сваім легатам на святкаванні 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі. Урачыстасці адбудуцца 25 кастрычніка 2025 года ў Пінску.
Пантыфік выказаў удзячнасць Богу за шматлікія духоўныя дары, якія дыяцэзія прынесла за стагоддзе свайго існавання, падкрэсліўшы, што гэта “духоўнае зерне, пасеянае калісьці, з дапамогай Божай ласкі змагло ўзрастаць і ў спрыяльныя, і ў цяжкія часы, даючы багаты плён”.
Папа патлумачыў, што прызначыў кардынала Клаўдыё Гуджэроці сваім прадстаўніком, бо ён добра пазнаёміўся з пастырскім жыццём мясцовага Касцёла на працягу чатырох гадоў служэння Апостальскім нунцыем у Беларусі. Святы Айцец асабліва заклікаў іерарха заахвоціць усіх удзельнікаў святкавання скіраваць сваё жыццё да Бога – першай ісціны і найвышэйшага дабра.
Леў XIV заахвоціў кардынала Гуджэроці перадаць яго благаслаўленне біскупам, духавенству, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Папа таксама пажадаў, каб яго добразычлівыя словы былі скіраваны да прадстаўнікоў грамадзянскіх уладаў і ўсіх, хто рупліва ставіцца да паняцця рэлігійнай свабоды, нагадаўшы, што яна з’яўляецца прынцыпам сапраўднага міру і дабра чалавечай асобы.
Пантыфік запэўніў свайго спецыяльнага пасланніка ў малітве аб добрым выкананні яго місіі, а таксама аб атрыманні ўсімі ўдзельнікамі святкавання ў Пінску шчодрых дароў Божай ласкі.
Пінская дыяцэзія была заснавана 25 кастрычніка 1925 года папам Піем XI. Цяпер яна з’яўляецца адной з чатырох каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі і ахоплівае тэрыторыю Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
Аляксандр Панчанка - Vatican News