На працягу гісторыі мошчы святамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, якія ад пачатку захоўваліся ў срэбным саркафагу ў яго катэдры св. Сафіі ў Полацку, даводзілася неаднойчы ратаваць ад вайсковага рабунку і знішчэння ды хаваць у таемных месцах. Іх асабліва хацеў знішчыць расійскі цар Пётр І. Таму святыя мошчы Язафата вывозілі для захавання ў Супрасьль, Жыровічы, Белую, Вену. Нарэшце ў 1949 г. яны былі дастаўленыя ў Рым і 22 лістапада 1963 г. з пашанай змешчаныя ў базіліцы св. Пятра пад алтаром св. Васіля Вялікага. Публічныя ўрачыстасці з гэтай нагоды, якія ўзначальваў Папа Павел VI, адбыліся 25 лістапада. У іх браў удзел вызвалены незадоўга да таго з савецкіх лагераў украінскі грэка-каталіцкі мітрапаліт Ёсіф Сліпы і першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у ХХ ст. Чэслаў Сіповіч, які напрыканцы малітоўных урачыстасцяў з нагоды пераносу мошчаў прачытаў па-беларуску малітву да св. Язафата.
Першы раз святыя мошчы полацкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча давялося таемна вывозіць з Полацка ў канцы чэрвеня 1654 г. архібіскупу Гаўрыілу Календзе падчас вайны з Масковіяй, якая імкнулася таксама знішчыць і Унію. Тады, пасля блуканняў па розных дарогах вайны, мошчы святога апынуліся ўрэшце ў бяспецы ў манастыры ў Супраслі.
Летам 1667 г. пачалося трыумфальнае вяртанне іх у Полацак. Перш мошчы Язафата з саркафагам пад кіраўніцтвам архібіскупа Гаўрыіла Календы былі перавезеныя з Супрасля ў Трокі. У працэсіі брала ўдзел шмат духавенства і знатных паноў ВКЛ. У Троках, дзе была галоўная кватэра саюзных войскаў, святыя мошчы Язафата пры вялікім парадзе сустрэла каля 100 тысячаў жаўнераў. Мошчы святамучаніка былі выстаўленыя для ўшанавання ў паходнай капліцы і ўсю ноч у яго гонар грымелі гарматныя стрэлы. Назаўтра, 25 верасня 1667 г. пачалася далейшая працэсія пераносу мошчаў у Полацак. Саркафаг і ўсе каштоўнасці былі змешчаныя ў карэце, запрэжанай у шэсць коней. У іншых карэтах ехалі царкоўныя дастойнікі, магнаты ў суправаджэнні вайсковай конніцы. Працэсія на больш чым два тыдні спынілася ў сталічнай Вільні, дзе вырас і пачынаў сваё служэнне Язафат.
Вільня сустракала свайго святога як сапраўднага заступніка і пераможцу непрыяцеля. Тысячы людзей выйшлі на сустрэчу працэсіі. Грымелі гарматы, гучалі званы ўсіх цэркваў сталіцы ВКЛ. Ад брамаў гораду да базыльянскага манастыра Святой Тройцы саркафаг з мошчамі быў несены высокімі дастойнікамі пры ганаровай ахове войска, духавенства і розных цэхаў. 15 дзён мошчы св. Язафата былі выстаўленыя для публічнага ўшанавання ў царкве Св. Тройцы, збудаванай Канстанцінам Астрожскім у памяць пра перамогу над маскоўскім войскам пад Воршай у 1514 г. Тысячы людзей прыходзілі пакланіцца святому, навязваючы сваю лучнасць з Уніяй, моцна знішчанай непрыяцелем і вайной.
Пасля Вільні працэсія накіравалася ў Полацк, у катэдру св. Сафіі, адноўленую пасля знішчэнняў ваеннага часу. Полацк, гэтак жа як і Вільня, урачыста сустракаў свайго святога.
Гэтае ўрачыстае вяртанне святых мошчаў архібіскупа Язафата ў яго катэдру св. Сафіі ў Полацку сталася пачаткам аднаўлення моцна пацярпелай Уніяцкай Царквы і духоўнага адраджэння народа пасля перажытай катастрофы.
Пасля Паўночнай вайны мошчы св. Язафата апынуліся ва ўладаннях Радзівілаў у Белай, і там яны захоўваліся да Першай сусветнай вайны. Вярнуць у Полацак удалося тады толькі частку рэліквій святога.
У Каталіцкай Царкве ўспамін святамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, пасля яго беатыфікацыі 16 мая 1643 г. Папам Рымскім Урбанам VIII, быў прызначаны на 12 лістапада, калі ён прыняў мучаніцкую смерць у Віцебску. Але ў Рэчы Паспалітай урачыстае ўшанаванне памяці святога Язафата ва Ўніяцкай Царкве згодна з рашэннем Замойскага сіноду (1720 г.) было перанесенае з дня яго мучаніцкай смерці на 16 верасня, пасля свята Крыжаўзвышэння. У гэты дзень адбываліся ўрачыстыя працэсіі вуліцамі Вільні і іншых гарадоў і мястэчак ВКЛ.
У БГКЦ традыцыя ўшанаваньня св. Язафата 16 верасня пачала адраджацца ў 2000-я гады. Цяпер у гэты дзень адзначаецца перанясенне мошчаў святамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага.
Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"