Пошук

Каляндар

 
панядзелак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Папа Леў XIV: голас сведак веры немагчыма прымусіць змоўкнуць  


Папа Леў XIV: голас сведак веры немагчыма прымусіць змоўкнуцьПадчас успаміну мучанікаў і сведак веры XXI стагоддзя ў Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі Леў XIV падкрэсліў, што іх надзея застаецца прароцтвам перамогі дабра над злом.

 

"Іх мучаніцтва надалей рассейвае Евангелле ў свеце, пазначаным нянавісцю, насіллем і вайной," - сказаў Святы Айцец падчас набажэнства, якое адбылося 14 верасня 2025 года вечарам з удзелам прадстаўнікоў іншых Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцей.

 

Мучаніцтва набліжае да сябе хрысціян розных канфесій

 

Папа нагадаў пра значэнне мучаніцтва, якое набліжае адзін да аднаго хрысціян розных веравызнанняў. Ён заахвоціў паглядзець на Укрыжаванага Хрыста, які праз свой крыж адкрыў нам сапраўдны твар Бога.

 

"Таксама і сёння шматлікія браты і сёстры, дзякуючы свайму сведчанню веры ў цяжкіх сітуацыях і варожых абставінах, нясуць гэты самы крыж Пана: падобна Яму іх пераследуюць, асуджаюць, забіваюць," - адзначыў Святы Айцец.

 

Надзея, поўная несмяротнасці

 

Леў XIV дадаў, што хоць сведкі веры былі забітыя фізічна, ніхто не здолее прымусіць змоўкнуць іх голас ці перакрэсліць любоў, якую яны ахвяравалі. Яны далі сведчанне веры, ніколі не выкарыстоўваючы зброю сілы і гвалту, але прымаючы слабую і лагодную моц Евангелля.

 

У гэтым кантэксце Папа ўзгадаў некалькі імёнаў асоб, якія загінулі ўжо ў бягучым стагоддзі за сваю веру, і звярнуў увагу на тое, што "нягледзячы на падзенне вялікіх дыктатур XX стагоддзя, пераслед хрысціян яшчэ не скончыўся, а нават узмацніўся ў некаторых частках свету".

 

Стаяць на варце памяці ўсіх хрысціянскіх традыцый

 

Святы Айцец падкрэсліў намаганні Каталіцкага Касцёла ў захаванні памяці пра мужных вызнаўцаў усіх хрысціянскіх традыцый. "Няхай кроў так многіх сведак наблізіць благаслаўлёны дзень, калі мы будзем піць з адзінага келіха збаўлення!" - сказаў Леў XIV.

 

На заканчэнне ён прывёў словы пакістанскага хлопчыка Абіша Масіха, забітага падчас нападу на Каталіцкі Касцёл, які марыў "зрабіць свет лепшым".

 

"Няхай мара гэтага дзіцяці падштурхне нас да адважнага сведчання нашай веры, каб разам мы былі закваскай мірнай і братэрскай чалавечай супольнасці," - заключыў Леў XIV у сваім казанні.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


15.09.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier