Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Казаньні і гаміліі НЯДЗЕЛЯ СЬЛЕПАНАРОДЖАНАГА  


Справядлівасьць і міласэрнасьць


Дарагія браты, дарагія сёстры! Хрыстос уваскрос!


1. Вельмі часта па жыцьці ўзьнікаюць пытаньні адносна таго, хто вінаваты, ці хто нясе адказнасьць за той, ці іншы дрэнны ўчынак. Сёньня ў Евангельлі чуем такое пытаньне ў дачыненьні да граху. Аднак ня толькі вучні пыталіся ў Хрыста “хто саграшыў: ён, ці бацькі яго”, але і ў мяне ня раз людзі запытвалі: ці пакутуюць дзеці за грахі бацькоў?

2. Як адказаць на гэта пытаньне? Ці лепей інакш: як Ісус адказвае на гэтае пытаньне? Наш Збаўца зьвяртае ўвагу не на тое, хто вінаваты, але на тое, што трэба чыніць, калі мы сустракаемся з бядой іншага чалавека.

Ісус аздараўляе, вяртае зрок сьляпому ад нараджэньня. “Чалавек ад Бога” не разважае, але абдорвае міласэрнасьцю. Міласэрнасьць – самы вялікі падарунак, які мы можам зрабіць іншаму. Міласэрнасьць – гэта самы вялікі цуд.

3. Сёньня мы чулі ўрывак з Дзеяў Апосталаў. Ён таксама распавядае пра цуд. Ня маю на ўвазе вялікі землятрус і тое, што ў вязьніцы, дзе былі Паўл і Сіла разчыніліся дзьверы, а ў вязьняў апалі путы... Маю на ўвазе міласэрнасьць, якую дасьведчыў страж вязьніцы. Менавіта праз гэты цуд страж прыходзіць да Ісуса Хрыста!

4. Пэўны чалавек аднойчы сказаў мне: “Чаму я павінен быць міласэрным да злых? Злы не заслугоўвае на міласэрнасьць. Трэба быць міласэрным да добрых”. Тады я зьвярнуў яго ўвагу на тое, што ён памыляецца, бо ня кажа пра міласэрнасьць, але пра справядлівасьць. Міласэрнасьць жа вышэй за справядлівасьць і не задае пытаньняў “за што?” і “ці ён годны?”. Давайце і мы, дарагія браты і сёстры, будзем намагацца часьцей быць вышэй за справядлівасьць. Амін.

Аўтар - а. Андрэй Буйніч

20.05.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier