Пошук
Нядзельнае казаньне
пятніца
КРАСАВІКА |
Сьветлая пятніца |
Казаньні і гаміліі
Другая надзеля Вялікага Посту
1. Дарагія браты і сёстры, сябры! Сёння мы нашымі духоўнымі вачыма бачым евангельскую сцэну: праз раскрыты дах дому да Ісуса апускаюць пасцель з спаралізаваным. Шмат сэнсаў мы можам адкрыць сузіраючы сённяшні фрагмент Евангелля. Мы можам падзівіцца рашучасці сяброў, якіх не спыніў ані цяжар сябра, якога яны неслі, ані натоўп вакол дома, ані дах, які ім давялося разабраць. Мы можам разважаць пра спаралізаванага і задавацца пытаннем, якімі якасцямі сваёй асобы ён здабыў сабе такіх верных сяброў. 2. Аднак усё ж у цэнтры евангельскай падзеі, як маланка ззяюць словы Госпада, якія Ён кажа спаралізаванаму: «сы́не, адпускаюцца твае грахі»! Гэтыя словы справакавалі кніжнікаў на думкі пра блюзнерства і да пытання: «хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?» Гэтыя словы Ісуса правакуюць і нас: чаму Настаўнік не ідзе простай сцежкай – чаму наўпрост не аздаравіць таго, якога неслі, цягнулі на дах і ўрэшце амаль скінулі да Яго ног? Аднак гэта не пакручаная сцежка разважанняў нашага Госпада – гэта простая, як страла ў лёце, сутнасць Яго прыроды. Яго Боскай натуры, натуры Лекара, Які хоча аздаравіць усяго чалавека, а не толькі яго цела. Гэта інтэгральнасць, якую Ён намагаецца патлумачыць кніжнікам, выражаецца ў пытанні да іх: што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: «адпускаюцца твае грахі» ці сказаць: «устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі»? Можна было б па іншаму задаць кніжнікам гэтае пытанне: хто можа вярнуць чалавеку здароўе? Ці ж не толькі адзіны Бог? Адказ на пытанне кніжнікаў станоўчы: толькі Бог можа адпускаць грахі, таксама як толькі Бог можа вяртаць здароўе чалавеку. І гэтым Богам ёсць Сын Чалавечы – Ісус Хрыстос. 3. Сёння стоячы ў натоўпе і бачачы ўсё, што робіць Ісус, будзьма удзельнікамі гэтага адкрыцця, прычаснікамі нябачнага света, што сыходзіць ад Госпада, які кажа: «адпускаюцца твае грахі!». Аўтар - а. Андрэй Буйніч |
15.03.2025
|