Пошук
Нядзельнае казаньне
|
пятніца
ЛІСТАПАДА |
Казаньні і гаміліі
Першая нядзеля Вялікага посту
Падчас малітвы Вялікага пакаяннага канона ў першыя дні посту мы шмат чулі пра сузіранне. Вось, напрыклад, што гаворыць святы Андрэй Крыцкі на прыкладзе гісторыі пра дзьвюх жонак патрыярха Якуба: шматдзетную Лію і каханую Рахіль, якую доўгі час лічылі няплоднай: “Пад дзьвюма жонкамі разумей дзеянне і веду праз сузіранне. Лія – гэта дзеянне, бо яна была шматдзетнаю; а Рахіль працалюбная – гэта веда. Бо без працы і высілку, душа мая, няма ні дзеяння, ні сузірання”.
Сузіранне – такая хрысціянская практыка, якая апошнім часам застаецца часта па-за межамі нашай увагі. Мы больш займаемся дабрачыннасцю, чытаем і вывучаем Святое Пісанне, молімся, рыхтуемся і прыступаем да Тайны Пакаяння. Усё гэта – праца і высілкі, пра якія гаворыць святы Андрэй, але ж яны мусяць прывесці нас да сузірання, без якога мы не будзем ведаць Бога.
Першая нядзеля Вялікага посту ў нашай традыцыі называецца нядзеляй Праваслаўя. Такое свята было ўстаноўлена ў IX стагоддзі, калі на хрысціянскім Усходзе распаўсюдзілася ерась іканаборства. Іканаборцы сцвярджалі, што недапушчальна ствараць выявы Хрыста, Багародзіцы і г. д., бо гэта ідалапаклонства. Аднак тыя, хто трымаўся спрадвечнай хрысціянскай традыцыі (іх і называлі праваслаўнымі), вучылі, што іконы патрэбныя нам, бо, пакланяючыся вобразу, мы на самой справе аддаем пашану Таму, Хто намаляваны, альбо, больш дакладна, напісаны.
У нашых храмах ёсць шмат ікон. Яны маюць розную гістарычную ці мастацкую каштоўнасць, рознымі шляхамі з’явіліся ў цэрквах і капліцах. Але ўсе яны маюць важную духоўную каштоўнасць – выяўляюць нам Уцелаўлёнага Госпада, Яго Маці ці святых. Іконы – не проста аб’ект дэкору, яны і ёсць прадмет сузірання. Сузіранне – гэта праца вачэй і розуму, мы бачым вачыма выяву, і яна нам нагадвае пра гісторыю Збаўлення, пра ахвяру Госпада, пра апеку Багародзіцы, подзьвіг святых. За розумам мы “ўключаем” сэрца ды адчуваем удзячнасць Госпаду альбо Багародзіцы, захапляемся гераізмам святых. І апошні этап – прымаем канкрэтныя рашэнні, як нам стацца больш падобнымі да Хрыста, Яго маці ці вучняў.
Ці ёсць у вас дома ікона? Напэўна, ёсць. Давайце паспрабуем на гэтым тыдні зрабіць такое практыкаванне: прынамсі пяць хвілін пасядзім, углядаючыся ў яе, ды паслухаем, што прамовіць да нас Госпад падчас гэтага сузірання. Аўтар - а. Андрэй Крот |
|
10.03.2025
|






Сёньняшняе чытаньне:
