Пошук

Каляндар

 

Ватыкан яднаецца ў малітве за хворага Папу Францішка  


Ватыкан яднаецца ў малітве за хворага Папу ФранцішкаНягледзячы на дождж, тысячы людзей сабраліся ў панядзелак 24 лютага 2025 года ўвечары на Плошчы Святога Пятра, каб маліцца за Францішка, які знаходзіцца ў шпіталі з сур'ёзнымі праблемамі здароўя.

 

Кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін, які ўзначаліў малітоўную сустрэчу, давяраючы Папу "магутнаму заступніцтву Маці Божай", прасіў аб падтрымцы ў час выпрабавання і хваробы. Вячэрняя малітва пачалася ў 21.00 і сабрала прадстаўнікоў ватыканскіх дыкастэрый, духавенства і вернікаў.

 

"Дарагія браты і сёстры, у Дзеях Апосталаў гаворыцца, што Касцёл маліўся няспынна, калі Пятра кінулі ў турму (пар. Дз 12,5). На працягу двух тысяч гадоў хрысціянскі народ моліцца за Папу, калі ён знаходзіцца ў небяспецы ці хворы", - сказаў іерарх. Дзяржаўны сакратар падкрэсліў, што з моманту шпіталізацыі Францішка "інтэнсіўная малітва ўзносіцца за яго да Пана, з боку асобных вернікаў і хрысціянскіх супольнасцей па ўсім свеце", і да гэтай малітвы далучаецца таксама супольнасць работнікаў і іерархаў Рыма і Ватыкана.

 

"Даверымся магутнаму заступніцтву Найсвяцейшай Марыі, заклікаем Яе асабліва ў малітве як Аздараўленне Хворых. Няхай Яна, клапатлівая Маці, падтрымае яго ў час хваробы і выпрабавання, дапаможа яму хутка вярнуцца да здароўя", - маліўся кардынал Паралін.

 

Пасля радаснай часткі Ружанца была праспявана антыфона Salve Regina і прачытана Ларэтанская літанія. На заканчэнне прагучала антыфона Oremus pro Pontifice, а кардынал Паралін, які ўзначальваў малітву, удзяліў прысутным благаслаўленне.

 

88-гадовы Францішак ужо дванаццаты дзень знаходзіцца ў рымскай клініцы Джэмэлі. Ён пакутуе ад інфекцыі дыхальных шляхоў і лёгкіх. У нядзелю 23 лютага 2025 года ўрачы выявілі ў Францішка пачатковую стадыю нырачнай недастатковасці. Нягледзячы на некаторае паляпшэнне паказчыкаў у панядзелак, стан яго здароўя працягвае заставацца сур’ёзным.

 

Ружанец з'яўляецца, напэўна, самай распаўсюджанай формай каталіцкай малітвы. Звычайна гэта паслядоўнасць з малітвы Ойча наш і дзесяці Вітай, Марыя з разважаннем аб жыцці, смерці і ўваскрэсенні Езуса. Вернікі знаходзяць у гэтай малітве суцяшэнне ў цяжкія часы, а спецыяльныя пацеркі – ружанец – выкарыстоўваюцца як дапаможны сродак падчас малітвы.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


25.02.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier