З канца 1980-х гадоў Рыгор Барадулін (нар. 24 лютага 1935), адносіў сябе да вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (быў вернікам Парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску).
Да 25-годдзя пантыфікату святога Яна Паўла ІІ Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы «Рымскі трыпціх».
28 чэрвеня 2004 года разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам меў асабістую аўдыенцыю з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, на якой уручыў Папу той жа «Рымскі трыпціх».
Народны паэт Беларусі актыўна працаваў у жанры духоўнай лірыкі. У такіх зборніках беларускага класіка, як «Самота паломніцтва», «Міласэрнасць плахі» і «Евангелле ад Мамы», выразна гучаць біблейскія матывы. Паэт нярэдка звяртаўся да жанру малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне беларускай нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў творы «Трыкірыя».
У 2005 годзе паэт выдаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты», за які ў 2006 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Пасля смерці Рыгора Барадуліна ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылося пахавальнае набажэнства за спачылага беларускага паэта ў грэка-каталіцкім і рымска-каталіцкім абрадах.
Рыгор Барадулін быў пахаваны на сваёй малой радзіме, ва Ушачах. Запячатванне магілы зрабіў апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Паводле Catholicminsk.by